Незвычайны палац у Расонах прапануюць аддаць задарма



У Віцебскай вобласці склалі спіс аб’ектаў, якія занядбаныя. Іх прапануюць задарма аддаць для рэалізацыі інвестпраектаў. Сярод аб’ектаў, у тым ліку, незвычайны замак у Расонах – былая сядзіба «Станіславова».

Чатырохпавярховы будынак у стылі неаготыкі пабудаваў у 1900 годзе архітэктар Эдмунд Фрык. Палац, які мясцовыя жыхары назвалі «дом на сто вокнаў», больш падобны на рыцарскі замак. Сядзібай валодаў малады памешчык Станіслаў Глазко, пакуль не з’ехаў за мяжу пасля рэвалюцыі 1917 года.

Гісторыя «Станіславова» у XX стагоддзі нагадвае лёс іншых беларускіх сядзібаў. Будынак пачалі выкарыстоўваць розныя ўстановы, нейкі час тут нават размяшчалася турма.

Зараз палац пустуе. Менавіта таму ўлады вырашылі аддаць яго ў карыстанне. Акрамя яго ў спісе таксама апынуліся комплекс былой графскай сядзібы ў мястэчку Відзы-Лаўчынскія, будынак былога кляштара кармелітаў першай паловы XVIII стагоддзя ў Глыбокім, былая графская стайня сярэдзіны XIX стагоддзя ў вёсцы Залессе і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя