Нідры – грэцкая прыбярэжная вёска



Вёскі Грэцыі адрозніваюцца ад беларускіх гэтак жа сама, як сухое віно ад бураковага самагона: усё, здаецца, смачна, але ж бракуе звыклай нам брутальнасці. Няма ў грэцкіх вёсках ані аграгарадкоў, ані ідэалагічных аддзелаў, ані алкашоў пад крамамі, ані абавязковых святочных плакатаў у вітрынах тых крамаў па каляндарных святах – “З днём вызвалення Грэцыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў!”

optimized-nidry_hrecyja_06

Вёска Нідры, што на выспе Лефкада – абсалютна тыповая для гэтай марской еўрапейскай краіны. З дзясятак дробных крамаў і адзін вялікі сумермаркет, калы трыццаці вулічных рэстарацый, дзве царквы, невялічкі порт і паўтары тысячы жыхароў, большасць з каторых мае ці невялічкую яхту, ці хаця б мотабот. Тутэйшыя зарабляюць ці ў турыстычным бізнэсе, ці рыбалоўствам, ці ў гандлі. Людзі яны ўсмешлівыя, шчырыя і вельмі дабразычлівыя. На пытанне “як прайсці?” вясковец не проста пакажа самы кароткі шлях, але, калі ён за рулём, абавязкова давязе да патрэбнага пункта.

А як тут не быць дабразычлівым, калі такі вясковец ад рана да рана бачыць адно прыгажосць? Блакіт і золата нябёсаў, аквамарын Іанічнага мора, шляхетная зеляніні гораў і памяць пра антычных багоў і герояў, якая ў кожнага грэка, відаць, закладзена на генетычным узроўні?

Зрэшты, нам усё ж такі ёсць чым ганарыцца. За ўвесь час падарожжаў па Грэцыі я амаль не бачыў ані добра дагледжаных градаў, ані вяскоўцаў, якія б на тых градах ад рана да рана корпаліся, як у нас у Беларусі. Хаця плоднай зямлі ў тых вёсках вельмі багата. У лепшым разе на тае зямлі будзе расці колькі не надта дагледжаных апельсінавых ці гранатавых дрэваў, у горшым – стаяць стары аўтамабіль гаспадара, які зламаўся яшчэ ў 1997 годзе і які ніяк не даходзяць рукі адрэмантаваць.

Але ж з іншага боку – а нашто тым грэкам грады, калі вакол такая прыгажосць?

[Not a valid template]

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя