Новы Двор у жніўні, або падарожжа ў Вейшнорыю



Мястэчка Новы двор знаходзіцца на Шчучыншчыне, або па новаму “Вейшнорыі”. Калі будзеце ехаць з Гародні ў Астыну праз Азёры, то ні ў якім выпадку не абмінеце Новы Двор.

Новы Двор вядомы яшчэ з 15-га стагоддзя. Гістарычным фактам з’яўляецца тое, што першы касцёл у Новым Двары пабудаваны яшчэ ў 1480-м годзе, а статус мястэчка Новы Двор атрымаў у 1720-м годзе.

Мястэчка вядома тым, што яго жыхары ўдзельнічалі ў паўстанні Каліноўскага. Падчас вялікай сутычкі каля Новага Двара ў сакавіку 1863 г. карныя царскія войскі разбілі паўстанцкі атрад Лідскага павета на чале з Людвікам Нарбутам.

Цяпер Новы Двор тыповае заходнебеларускае мястэчка, з прыгожым драўляным касцёлам Узнясення Панны Марыі, які пабудаваны ў ХVIII стагоддзі. Аднак асноўнай дамінантай мястэчка з’яўляецца вялікая каменная сінагога, што стаіць у цэнтры мястэчка. Габрэі паставілі яе тут ў пачатку ХХ стагоддзя і цяпер сінагога – вялікая крама, ці як раней казалі “местачковы ўнівермаг”. Габрэйская прысутнасць у мястэчку – гэта таксама каменныя дамы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя і габрэйскія могілкі на ўскрайку Новага Двара. Габрэі мястэчка былі знішчаныя ў Другой сусветнай падчас Халакосту, ці як кажуць габрэі Шоа (Катастрофы). Некалькі сотняў габрэяў з Новага Двара былі сагнаныя ў гета ў Астрыну і знішчаныя ў 1943-м годзе.

Пасля Другой сусветнай пасля габрэяў у спадчыну жыхарам мястэчка засталіся каменныя пабудовы і сінагога. Для тых, хто любіць пагуляць па старых некропалях – як каталіцкія, так і габрэйскія могілкі ў Новым Двары таксама цікавае месца. Тут не толькі звычайныя крыжы, але і помнікі, якія маюць мастацкую і гістарычную каштоўнасць. Мястэчка таксама цікавае тым, што тут знаходзіцца вялікая сучасная школа, дзіцячы садок, у які ходзяць шмат дзетак.

[Not a valid template]

Андрэй Мялешка, Беларускае Радыё Рацыя