Новы цягнік можа звязаць Берасце з Будапештам



На днях у Берасці кіраўніцтва Беларускай чыгункі правяло сустрэчу з дырэкцыяй кампаніі PKP (Польскія чыгункі). У ходзе перамоваў бакі абмеркавалі сучасны стан узаемадзеянняў і планы па пашырэнні супрацоўніцтва ў найбліжэйшай будучыні. Шэраг рашэнняў тычыцца пасажырскіх і грузавых перавозак.

Адной з ключавых стала дамоўленасць бакоў з сярэдзіны снежня бягучага года, калі будзе зацверджаны новы графік на 2019/2020 гады, запусціць новы цягнік Берасце — Будапешт. Мяркуецца, што ён атрымае ўласную назву “Стэфан Баторый” і будзе ўключаць некалькі бесперасадачных вагонаў з абласнога цэнтра да Вены і Прагі.

Падчас II Еўрапейскіх гульняў Варшаву і Берасце звяжа дадатковы часовы цягнік. Гэтая мера дапаможа балельшчыкам з Заходняй і Цэнтральнай Еўропы даехаць у Менск чыгуначным транспартам. З сярэдзіны снежня яго плануюць зрабіць пастаянным і штодзённым. Такім чынам напрыканцы года паміж Берасцем і сталіцай Польшчы прамыя цягнікі будуць курсіраваць двойчы на дзень. Нагадаем, што пры гэтым у Берасці Беларуская чыгунка арганізуе зручную перасадку на хуткія электрацягнікі да Менска.

Бакі таксама абмеркавалі аднаўленне грузавога руху праз чыгуначны пагранпераход Чарамха — Высока-Літоўск (Берасцейская вобласць, Камянецкі раён). Запуск першага “таварняка” запланаваны на 2 квартал гэтага года. Зараз вядуцца падрыхтоўчыя работы: рэмантуецца рэйка-шпальная рашотка, прыводзіцца ў парадак паласа адводу. Старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс таксама анансаваў будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра па перагрузцы грузаў на станцыі Матыкалы.

У ходзе сустрэчы праведзены кансультацыі па пытаннях рэзервовых магутнасцяў пераходу Тэрэспаль — Берасце, які з’яўляецца найбольш важным памежным пунктам на маршруце паміж Кітаем і Еўропай. Перамовы тычыліся інвестыцый у мадэрнізацыю памежных станцый, у тым ліку станцыі Тэрэспаль.

zviazda.by