Новы турыстычны маршрут: зона адчужэння



Са снежня 2018 года зону адчужэння, адкрытую для турыстаў, наведала 98 чалавек у складзе 17 турыстычных груп, паведаміў 23 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Пётр Нікалаенка.

Паводле яго слоў, на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка цяпер дзейнічаюць два інфармацыйна-экалагічныя маршруты, разлічаныя на 8 гадзін кожны.

Прадстаўнік дэпартамента адзначыў, што больш за палову турыстаў, якія наведалі беларускую зону па экамаршруце, замежнікі — 85 чалавек. „Яны цікавяцца нашымі экскурсіямі больш. Да канца красавіка ў нас запланавана яшчэ 34 турысты ў складзе трох груп. З іх 29 чалавек — галандцы. Папярэднія заяўкі ўжо сфармаваныя да канца чэрвеня, яны з’яўляюцца ўвесь час”, — сказаў Нікалаенка.

Ён паведаміў, што ва Украіне такі від дзейнасці на забруджанай тэрыторыі дазволены ўжо каля 10 гадоў. У 2018 годзе ўкраінскую зону адчужэння наведала каля 60 тыс. чалавек. „Па арганізацыю законнага наведвання зоны адчужэння ў Беларусі да нас людзі ўжо даўно звярталіся, — адзначыў прадстаўнік МНС. — Рашэнне было прынятае, і ў ім няма нічога небяспечнага. Бо на гэтых тэрыторыях у нас штогод, напрыклад, на Радаўніцу, за чатыры дазволеных дні могілкі наведваюць больш за 14 тыс. чалавек. Акрамя таго, каля 10 тыс. пропускаў у год мы выдаем для абслугоўвання ў зоне аб’ектаў сувязі і электраэнергіі”.

Нікалаенка падкрэсліў, што два распрацаваныя маршруты найбольш бяспечныя для турыстаў паводле ўзроўню забруджвання: доза апраменьвання, якую атрымлівае турыст за экскурсію, складае не больш за дозу, якую атрымліваюць падчас двухгадзіннага пералёту ў самалёце.

Перад пачаткам маршруту ўсе турысты праходзяць інструктаж, ім выдаюцца сродкі індывідуальнай абароны (рэспіратары). Групу, у адрозненне ад Украіны, абавязкова суправаджае супрацоўнік запаведніка на транспарце. Прыпынкі робяцца ў правераных месцах з мінімальным узроўнем забруджвання. Пасля экскурсіі прадугледжаны абавязковы дазіметрычны кантроль.

На шляху руху турысты наведваюць пакінутыя населеныя пункты, камбікормавы завод, помпавую станцыю, школу, дзіцячы сад, бальніцу, гаспадарчыя аб’екты, у зімовы час — дзейны зубрагадавальнік, дзе цяпер пражывае 165 зуброў. У адным з пунктаў можна падняцца на вышку з відам на Чарнобыльскую станцыю і саркафаг.

Кошт экскурсіі залежыць ад колькасці чалавек у групе. „Група да пяці чалавек — 340 рублёў, гэта значыць, каля 30 даляраў на аднаго. Група 6—10 чалавек — 500 рублёў, на аднаго ўжо 25 даляраў. І ад 11 чалавек і вышэй кошт — 730 рублёў, на аднаго — 20 даляраў”, — паведаміў Нікалаенка.

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе пацярпела 23% тэрыторыі Беларусі. За мінулыя гады плошча забруджвання стронцыем у выніку распаду пасля аварыі скарацілася ў 1,9 разу, цэзіем — у 1,7 разу. Да тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання адносяцца 19 раёнаў Гомельскай вобласці, 13 раёнаў Магілёўскай вобласці, 4 раёны Берасцейскай, 10 раёнаў Менскай і 3 раёны Гарадзенскай вобласці (усяго 49 раёнаў).

belapan.by