Новыя правілы для атрымання шэнгенскай візы
Рада Еўрапейскага звязу 13 лістапада прыняла новыя правілы, якія дазволяць падаваць анлайн-заяўку на атрыманне шэнгенскай візы, паведамляе pozirk.online.

Будзе створана спецыяльная платформа для падачы заяў на атрыманне візы ў Еўразвяз. Заяўнікі змогуць увесці ўсе неабходныя звесткі, загрузіць электронныя копіі сваіх праязных ды іншых дакументаў, а таксама аплаціць візавы збор.
З’явіцца асабіста ў пасольства краіны шэнгенскай зоны будзе неабходна тым, хто падае заяўку ўпершыню, чые біяметрычныя даныя больш не сапраўдныя і ў каго новы праязны дакумент. Візавую налепку заменяць крыптаграфічна падпісаным штрых-кодам.
Дата ўступлення ў сілу новых правілаў будзе вызначана пасля завяршэння тэхнічных работ над візавай платформай і лічбавай візай.
У Беларусі запісацца на падачу дакументаў на шэнгенскую візу ў візавыя цэнтры краін ЕЗ вельмі цяжка. Пасярэднікі прапануюць запіс у візавыя цэнтры на паўгода наперад, кошт іх паслуг даходзіць да 300 еўра.
