Новыя ровары ў Францыі цяпер трэба рэгістраваць
Пакупнікі новых ровараў на тэрыторыі Францыі з 2021 года будуць абавязаны рэгістраваць іх у спецыяльнай электроннай базе дадзеных. Пра гэта паведаміў у суботу тэлеканал „Сэ-ньюс”.
Цяпер разам з роварамі ў крамах будуць выдаваць наклейку з рэгістрацыйным нумарам і QR-кодам, інфармацыя з якога заносіцца ў нацыянальную базу дадзеных. Код змяшчае інфармацыю пра нумар, мадэль, дату рэгістрацыі транспартнага сродку, а таксама персанальныя дадзеныя пакупніка. Наклейка павінна лёгка чытацца і знаходзіцца ў даступным месцы на раме.
Доступ да гэтых базаў дадзеных будуць мець супрацоўнікі праваахоўных органаў, а таксама муніцыпальныя службоўцы і аператары велапарковак. Пры перапродажы ўладальнік павінен будзе паведаміць пра свой намер той краме, у якой будзе зарэгістраваны яго ровар. Пасля здзелкі аператар зменіць дадзеныя пра ўладальніка ў сваёй базе цягам сутак.
Ад крамаў пакуль не патрабуюць рэгістраваць старыя ровары пры іх перапродажы – гэта стане абавязковым толькі ў ліпені.
Беларускае Радыё Рацыя