Нясебыр – горад старажытных падмуркаў



Вядома ж, у баўгарскім курортным мястэчку Нясебыр ёсць і еўрапейскія гатэлі, і багатыя рэстарацыі, і турыстычныя атракцыёны. Але ў турыстаў, якія трапляюць у Стары Горад, напэўна, складаецца ўражанне, што антычных і сярэднявечных падмуркаў у Нясебыры значна больш, чым жытла, месцаў грамадскага харчавання і розных забавак, разам узятых.

Спачатку тут жылі фракійцы –  старажытнае племя, з якога, між іншым, паходзіў старарымскі гладыятар і інсургент Спартак. Вядома, фракійцы ўзводзілі ў Нясебыры нейкія камяніцы. Потым на іх месца прыйшлі грэкі, якія пазносілі фракійскія дамкі, а на іх месцы збудавалі свае. Потым на іх месца прыйшлі рымляне, потым – баўгары, потым – бізантыйцы, потым – туркі…

Кожны наступны народ перш-наперш руйнаваў збудаванае папярэднікам і на падмурках узводзіў сваё.

А потым у Нясебыр прыйшлі археолагі. Культурны слой там – ці не 10 метраў. І паўсюдна – падмуркі, падмуркі і падмуркі, прытым складзеныя адзін на адным.

Што рабіць? Пазносіць турэцкі, рымскі і грэцкі падмуркі, каб адкрыць адзін толькі фракійскі – варварства. “Аднавіць” старажытны будынак паводле нейкіх незразумелых рэканструкцый – значыцца, закрыць тое, што было збудавана ў папярэднія эпохі…

У выніку, баўгары вырашылі пакінуць усё, “як ёсць”, папярэдне дбайна закансерваваўшы руіны. Тлумачэнне было такое: калі Баўгарыя стане сапраўды багатай і заможнай – то і будзем разбірацца, што з гэтай спадчынай рабіць…

…Калі я гляджу на “рэканструкцыю” замка ў Навагрудку, то міжволі прыгадваю Нясебыр. Можа і нам варта пакінуць той шматпакутны замак, “як ёсць” хаця б да тых часоў, пакуль Беларусь не стане Беларуссю?

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя