Нюрнберг – найбольш нямецкі горад
Калі шаноўнае спадарства надумае наведаць Баварыю, то Нюрнберг мусіць быць у вашых планах. Чаму? Бо з гістарычнага гледзішча, гэты горад уважаўся найбольш нямецкім за іншыя. Гэта – былая сталіца Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі.
Менавіта тут праходзіў працэс, які асудзіў нацызм. Горад моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны (больш за 90% будынкаў было зруйнавана), але цяпер ён адноўлены.
Упершыню Нюрнберг згадваецца ў 1050 годзе, ён прыкладна равеснік нашаму Наваградку. Цэнтрам горада з’яўляецца замак імператара. Першы жыхар замка быў імператар Генрых ІІІ. Пасля распаду Свяшчэннай Рымскай імперыі баварскі кароль Людовік І пачаў унутраную рэканструкцыю замка ў рамантычным стылі. У 1945 годзе замак ( Кайзербург) быў амаль цалкам сплюндраваны бамбаваннем авіяцыі саюзнікаў.
У XV-XVI стагоддзях у Нюрнбергу жыў славуты мастак Альбрэхт Дзюрэр. Як кажуць, жыў жыццём мясцовага мастака, і творы яго часта ішлі на набыццё харчоў для сям’і. Яго дом – папулярнае месца для турыстаў. Як дом- музей ён працуе пад дэвізам „назад да Дзюрэра”. У музеі наведнікаў сустракае гаспадыня дома – Агнэс Дзюрэр ( ролю жонкі выконвае актрыса), якая апранута ў сярэднявечнае адзенне. Уваход дарослым 5 еўра.
Стары горад абнесены абарончымі мурамі. Вежа Фрауентурм.
Царква Святога Лаўрэна – узор гатычнага дойлідства Нямеччыны. Узводзіць гмах царквы пачалі ў 1250 годзе, а завяршылі яго праз 250 год. Для параўнання, як рыма-каталіцкая царква ў Гародні ў гонар адшуканьня Крыжа Госпада таксама адбудоўваўся 250 год.
Фігуркі трох мужчынаў, якія трымаюць даразахавальніцу, альбо табернакулюм. Тайная вячэра.
Абапал царквы святога Лаўрэна, фантан „Цноты”.
Рынкавы пляц Нюрнберга славіцца сваімі кірмашамі і царквой Багародзіцы. Царква мела важнае грамадскае значэнне. Была пабудавана ў 1358 годзе па загадзе імператара Караля IV. Побач, на кірмашы прыпаркаваўся раварыст з балеяй піва і сцягам Нюрнберга.
На пляцы размешчаны Пекны фантан, які знаходзіўся на рэканструкцыі. Ён увасабляў сістэму вартасцяў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яму 600 год.
Адзін з найцікавейшых фантанаў Нюрнбергу – „Шлюбная карусель”. Знаходзіцца яна на пляцы Людвіга. Падчас пракладкі лінейкі метро трэба было закамуфляваць вентыляцыйную шахту, што выходзіла ў цэнтар пляцу. Быў абвешчаны конкурс. Фантан стаў пераможцам. Фантан сімвалізуе свабоду разрываў шлюбу. Усталяваны ў 1982 годзе.
У фантане ўвасобленыя розныя этапы сямейнага жыцця. Сюжэт -нахабныя жонкі і бездапаможныя мужы. Грубая жонка з’ядае порцыю сужонца, прычым яе талерка поўная ежы. Жонка адзетая ды ўпрыгожаная, а муж голы і заклікае нябёсы.
Сцэна шкілетаў мужа і жонкі, што б’юцца ў апраметнай. Як тут не прыгадаць беларускую прыказку: „Страчаліся, цалаваліся, а як у адну хату сышліся – за чубы ўзяліся.”
Да сустрэчаў!
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Нюрнберг
Фота аўтара