Оберамергаў – вёска, якую штогод наведвае паўмільёна турыстаў
Оберамергаў – вёска ў 90 км. на поўдзень ад Мюнхена. Уявіце – вёска, якую штогод наведвае паўмільёна турыстаў!
Маляваныя фасады дамоў у Оберамергаў з’явіліся ў сярэдзіне 18 стагоддзя. Пасля вёскі, мода распаўсюдзілася па ўсім перадальпійскім краі. Упрыгожванне малюнкамі на свецкія і рэлігійныя тэмы – адметнасць гэтай вёскі. Стыль „Люфтамалерай” распаўсюджваў мастак фрэскавага жывапісу Франс Сераф Цвінг (1748-1792). Шмат якія яго творы захаваліся дагэтуль.
Найстарэйшая пошта ды гатэль у вёсцы пабудаваныя ў 1612 годзе. Уладальнікам гатэлю застаецца той жа род. Гатэль прымае гасцей і цяпер. Кошт за суткі складае каля 100 еўра.
Суворы альпійскі клімат з доўгімі зімовымі вечарамі паўплываў на род заняткаў мясцовых жыхароў. Паколькі даходы сём’яў ад сельскай гаспадаркі былі мізэрнымі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва сталася істотным дадаткам. Ручныя вырабы цяпер вядомыя ва ўсёй Еўропе. Упершыню вырабы мясцовых рэзчыкаў згадвадваюцца ў 16 стагоддзі.
У трыццацігадовую вайну, на даліны вакол Обермергаў найшла чума. Суседнія вёскі „падчапілі” гэтую пошасць. Жыхары Обермергаў, спрабавалі не даць распаўсюдзіцца „чоранай смерці”. Выстаўлялі варты на ўездах да населенага пункту, увялі карантын. Але перасцярогі не выратавалі. На царкоўнае свята прыйшоў з суседняй вёскі наёмны працаўнік Каспар Шыслер, які занес хваробу. У выніку пачаўся мор. Жыхары пачалі маліцца Богу і прасіць пра міласэрнасць да сябе. Яны прыраклі, што калі Бог вызваліць вёску ад чумы, то яны будуць праходзіць шлях „пакутаў і смерці Хрыста” усёй вёскай.
Выява на доме, якая апавядае пра напісанае вышэй.
Такая пастаноўка праводзіцца ад 1633 года. Цяпер усе жыхары вёскі прымаюць у ёй удзел раз на дзесяць год.
Вёска не вялікая па памерах, каб яе абысці хопіць некалькіх гадзін. Але развітая турыстычная інфраструктура (пад’ёмнікі ў горы, побач каралеўскі палац Ліндэргоф) можа прымусіць пагасцяваць даўжэйшы час.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Баварыя
Фота аўтара