Олесь Дзындра: У Львове не рэжуць галовы за расейскую мову



Для кагосьці з беларусаў заходнеўкраінскі Львоў – “сімвал свабоды”, для кагосьці – “логава жахлівых нацыстаў-бандэраўцаў”, для кагосьці – проста цудоўны горад, куды хочацца павяртацца зноў і зноў. Але для саміх львавянаў іх горад – найперш месца, дзе яны нарадзіліся і дзе жывуць.

Адкуль бяруцца бязглуздыя міфы пра Львоў, як пра “горад, дзе трымаюць рэй фашысты”? Ці можна гаварыць на львоўскіх вуліцах іншай мовай, акрамя ўкраінскай? Якой бачыцца Беларусь са сталіцы Галічыны?

Карэспандэнт Радыё Рацыя Марцін Война пагутарыў з карэнным львавянінам Олесем Дзындрам – стваральнікам унікальнага “Музэя ідэй” і сімпатыкам Беларусі.

Олесь Дзындра: Агрэсія заўсёды ідзе толькі ад слабых. Калі хто ставіцца да Львова агрэсіўна – мне такіх людзей проста шкада. Значыцца, яны сапраўды слабыя. І іншых аргументаў, акрамя спекулятыўных бязглуздых паклёпаў, яны проста не маюць. А калі так – я сябе пачуваю больш камфортна і нават утульна. Значыцца, мы мацнейшыя. У чым – сказаць не магу, але мацнейшыя.

РР: Адзін з міфаў, які мне асабіста даводзілася чуць – “тым, хто не размаўляе ў Львове ўкраінскай мовай, адразаюць галовы”. Я вось з Вамі гавару беларускай… Мне пасля інтэрв’ю галаву таксама адрэжуць?

Олесь Дзындра: У нас тут пры “Музеі ідэй” ёсць рэстарацыя. Мы там з галоваў гатуем халадзец і іншыя стравы. Вядома, нашы кухары дбаюць, каб галовы былі свежымі. Але ж выкарыстоўваем мы свінячыя галовы, а не чалавечыя… З чалавечымі галовамі нам прыемна размаўляць – незалежна ад мовы.

РР: То бок, ёсць беларысы, якія хочуць пабываць у Львове, але баяцца сюды прыяжджаць… Калі яны будуць тут гаварыць беларускай ці нават расейскай мовамі – гэта бяспечна?

Олесь Дзындра: Абсалютна бяспечна! Увогуле, чым часцей мне задаюць гэтае пытанне, тым абсурднейшым мне яно падаецца. Кожны, хто бывае ў Львове, пераконваюцца ў адваротным. Нават калі вы, апроч кітайскай, ніякай іншай мовы не ведаеце, вас усё адно тут прымуць, як дарагога госця.

РР: Заўважыў такую акалічнасць: людзі, якія пазіцыянуюць Львоў, як “страшны горад, дзе паўсюдна фашысты”, самі ніколі ў Львове не былі….

Олесь Дзындра: З аднаго боку вы маеце рацыю: так, тыя людзі ў Львове ніколі не былі, і памнажаюць тыя жахі, якіх баяцца самі. Але ж, з іншага, ёсць людзі, якія самі паходзяць з Львова, і жывуць у розных гарадах і краінах… у Маскве, напрыклад. І яны таксама заражаныя гэтай дзіўнай бацылай. Прыроду гэтага ніхто не можа зразумець. Пэўна, проста нейкая бздура… Львоў – гэта мастацкі горад, гэта горад дыялогу вось ужо апошнія 800 гадоў. Гэта месца, дзе кожны да кожнага звяртаецца менавіта сваёй мовай, і ўсе адзін аднаго выдатна разумеюць. Бывалі часы, калі Львову не шэнціла. Калі палітыкі ўмешваліся ў наш рытм жыцця, былі моманты агрэсіі. Але гэта былі менавіта моманты, на якія можна не звяртаць увагу. Нават у сярэднявечным Львове кат быў беспрацоўным! Такая была талерантнасць між рознымі людзьмі, што не было патрэбы камусьці секчы галовы, паліць вядзмарак ці ўвогуле шукаць нейкіх ворагаў. Потым, скажам, пад сцены падыйшлі татары. Але ж і яны хутка ўліліся ў наш горад. Была ў Львове і мячэць, і вуліца Татарская. Пакуль сюды не прыцягнуўся Багдан Хмяльніцкі, які ішоў на Варшаву. Тут таксама стварылася канфрантацыя ў сярэдзіне горада. Але, тым не менш, на жыццё таго арганізма, які называецца Львовам, гэта паўплывала нязначна…

РР: А колькі моваў ведае сярэднестатыстычна львавянін?

Олесь Дзындра: Акрамя ўкраінскай, практычна кожны можа гаварыць расейскай і польскай. Але ж у шмат каго ёсць і родная мова, якой ён размаўляе ўдома. Цяпер, напрыклад, у Львове багата крымскіх татараў, якія ўцяклі з акупаванага Крыма. Яны будуюць свой культурны цэнтр, моляцца ў мячэці… Знаю і іншых людзей, якія ў сям’і размаўляюць менавіта роднай мовай. Але бываюць сітуацыі, што такія людзі між сабою размаўляюць нейкай трэцяй мовай… Напрыклад – у міжнацыянальных шлюбах.

РР: Якой, напрыклад, мовай, тады размаўляюць?

Олесь Дзындра: Напрыклад, ангельскай. Бываюць нават і такія сітуацыі. Але гэта не замінае такім людзям заставацца львавянамі!

РР: Адзін з паваротных момантаў стаўлення беларусаў да Львова – леташні футбольны матч між нашымі зборнымі, які тут праходзіў. Нашы, на вялікі жаль, прайгралі вашым з рахункам “1-3”, але ж на стадыёне былі і банеры “Украінцы – нашы браты!”, і чэргі ў пунктах здачы крыві, дзе беларускіх аматараў футбола стаялі ў чарзе, каб здаць крывю для параненых у зоне АТА ўкраінскіх вайскоўцаў… Дый ўвогуле – у Львове панавала атмасфера беларуска-украінскага братэрства!

Олесь Дзындра: Так, я ведаю пра гэты матч. Праўда, я сам не футбольны фанат, але ж ведаю, што вашыя хлопцы здавалі кроў для нашых параненых. Між іншым, у Львоў ёсць і добраахвотная іміграцыя з Беларусі. Мы такім людзям дапамагаем адаптавацца ў тутэйшым жыцці. Яны вучаць украінскую мову, бяруць удзел у жыцці нашага горада. І гэта – прарыў!

За апошнія гады Львоў стаў трэцім па папулярнасці горадам у беларускіх турыстаў – пасля Чарнігава і Кіева. Беларусы больш давяраюць уласнаму досведу, чым антыўкраінскай прапагандзе маскоўскіх тэлеканалаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя