Па адной вольнай краіне
Давялося мне тыдзень павандраваць па Албаніі. Такія дзяржавы цікава наведваць найперш таму, што яны не так даўно прайшлі шлях вызвалення ад таталітарызму і пабудовы вольнай краіны ў няпростых умовах сучаснага свету. Першы раз давялося трапіць у Албанію дзесяць гадоў таму, тады гэтая зямля падалася тэрыторыяй суцэльнай будоўлі і рэканструкцыі. Не змянілася гэтае ўражанне і зараз. Рэч у тым, што інтэнсіўна развіваецца турыстычная інфраструктура, а з іншага боку многія аб’екты ёсць даўгабудамі і стаяць недаробленымі гадамі, а то і дзесяцігоддзямі.
Албанія – краіна кантрастаў і супярэчнасцяў, і да гэтага проста трэба прывыкнуць. Шыкоўныя палацы часта суседнічаюць з убогімі хібарамі. Вуліцы албанскіх гарадоў досыць забруджаныя, але не таму, што не прыбіраюць, а таму, што вельмі шмат смецяць – як мясцовыя насельнікі, так і шматлікія турысты. Многа гадоў таму давялося наведаць сталіцу краіны Цірану і горны горад Круя, зараз пашчасціла пабываць у Дурэсе, Бераце, Влёры, на востраве Сазан і паўвыспе Карабурун.
Стаўленне да гасцей албанскіх гарадоў досыць зычлівае, за тыдзень побыту ні разу не давялося сутыкнуцца з нейкай праявай агрэсіі ці негатыву з боку мясцовага насельніцтва. Галоўнае ж пазітыўнае ўражанне – адчуванне абсалютнай свабоды. Асабліва гэта датычыць гандлю. Такое ўяўленне, што кожны можа стаць дзе заўгодна і прадаваць што пажадае – хоць якія ўласныя вырабы, хоць каменьчыкі з мора. Зразумела, што ў Албаніі няма ні заходнееўрапейскага бюракратызму, ні нашай усходнееўрапейскай абавязковасці. Часам гэта абарочваецца нязвыкламі рэчамі – прыкладам, правы кіроўцы тут зазвычай можна проста купіць альбо нават…выйграць у латарэю. Толькі пасля набыцця правоў язды многія вучацца кіраваць аўтамабілем. Пры тым аварыі здараюцца досыць рэдка, тут не пабачыш столькі пабітых машын як, прыкладам, у Грузіі. На албанскіх дарогах асабліва хутка і не паездзіш, паміж гарадамі ўжо ёсць добрыя трасы, але многія дарогі досыць вузкія і аўтамабільна-аўтобусныя заторы здараюцца досыць часта, нават у вечаровы час. Асабліва доўга выязджаць днём з ціранскага сталічнага аэрапорту. Галоўная асаблівасць – светлафораў у гарадах зусім няма, пры тым стылі руху, які ёсць, яны сапраўды непатрэбныя. Пры яздзе заўсёды мае рацыю той, хто наперадзе, кіроўцы тут не паказваюць паваротаў, таму тым, хто едзе ззаду трэба трымаць асаблівую пільнасць. Часам кіроўцы пачынаюць залішне сігналіць і нават сварыцца паміж сабой, але гэта хутчэй своеасаблівы рытуал, чым сапраўдная злосць. Ёсць крыху і роварных дарожак, але веласіпедны рух ня асабліва папулярны.
Нязвыкла, што разлічвацца практычна за ўсё можна двума спосабамі – фактычна ў краіне дзве валюты – мясцовыя лекі і еўры. Пры тым абменнікі ў гарадах на кожным кроку, плюс усюды свабодна сядзяць мянялы, якіх у нас заўсёды называлі валютчыкамі. У многіх абменніках не вывешаны ніякія курсы, але арыентавацца проста – за адзін даляр даюць 90 лекаў, за адзін еўра – 100 лекаў. Можна разлічвацца, змешваючы лекі з еўрамі, пры тым рэшты манетамі могуць насыпаць таксама камбінавана. Такога хіба няма больш ні ў якой краіне Еўропы.
Сярод турыстаў традыцыйна шмат палякаў, зрэшты іх шмат амаль у кожнай краіне, польскія прадуктовыя тавары можна сустрэць і ў мясцовых крамках, якія амаль усе гучна называюцца маркетамі. Выбар і асартымент харчоў у крамах небагаты. Выбар алкаголю нешырокі, але купіць яго можна без праблемаў. Папулярны албанскі брэндзі «Скандэрбег» можна ўбачыць амаль усюды, ёсць таксама некалькі відаў мясцовай самагонкі, традыцыйнай на ўсіх Балканах ракіі. Заможныя польскія грамадзяне купляюць у Албаніі кватэры, а пасля здаюць іх у арэнду. Турысты імкнуцца найперш да мора, паводле цэнаў адпачынак у Албаніі на сярэднім роўні Грэцыі, Турцыі, Чарнагорыі і Балгарыі. Іншыя еўрапейскія краіны зараз дакладна даражэйшыя. Албанію абмываюць два моры – Адрыятычнае і Іянічнае. У Дурэсе пляж пясчаны, але бераг тарфяністы, а вада каламутная. А вось на камяністых узбярэжжах Сазана і Карабуруна вада проста чароўная.
Найбольш цікавыя мясцовыя традыцыі і лад жыцця, але пра іх – іншым разам.
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік «Ніва»