Па бязвізу Беларусь наведала больш за 350 тысяч замежнікаў



Рэжымам бязвізавага ўезду ў Беларусь скарысталася больш за 350 тысяч замежнікаў. Летась іх колькасць павялічылася на 40% у параўнанні з 2018 годам. Такія дадзеныя былі абвешчаныя на пасяджэнні калегіі Міністэрства спорту і турызму.

Па звестках Дзяржаўнага памежнага камітэта, колькасць замежных грамадзян, якія наведалі Беларусь у 2019 годзе, склала 4 мільёны 924 тысячы чалавек. Пры плане 4 мільёны 654 тысячы. Экспарт турыстычных паслуг у 2019 годзе склаў больш за 250 мільёнаў даляраў.

Пасля ўступлення ў сілу ўказа прэзідэнта «Аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», які аб’яднаў дзве бязвізавыя зоны ў адзіную «Берасце – Гародня», бязвізавым уездам на гэтую тэрыторыю скарысталася больш за 31 тысяча чалавек з 42 краін.

«Праведзеная работа дае пэўны эфект, які выяўляецца ў фармаванні ўстойлівай цікавасці да нашай краіны, замацаванні яе станоўчага іміджу, прытоку турыстаў з іншых краін і развіцці ўнутранага турызму», – заявіў на пасяджэнні міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук.

Беларускае Радыё Рацыя