Па-ранейшаму, не ўсе беларусы могуць наведаць Польшчу
На беларуска-польскай мяжы пакуль без зменаў. Каранцінныя меры па-ранейшаму не адмененыя. Але транспарту стала больш. Часткова адноўленыя рэйсы аўтобусаў ды беларусы сталі часцей ездзіць на ўласных аўто:
– Яшчэ з 20 ліпеня былі адноўленыя штодзённыя рэйсы Берасце-Варшава-Берасце. Перавозчыкам выступае кампанія „Экалайнс”. Але да гэтага часу спыненае чыгуначнае злучэнне, паколькі межы афіцыйна зачыненыя з прычыны каронавірусу.
Згодна правілаў, магчымасці для адкрыцця межаў пераглядаюцца раз на два тыдні, як і каранцінныя меры для грамадзянаў Беларусі, што прыязджаюць у Польшчу. Без зменаў перасекчы беларуска-польскую мяжу і ў адваротны бок маюць права тыя, хто з’яўляецца грамадзянамі Польшчы ці іншых краінаў Еўразвязу, хто мае від на жыхарства, нацыянальную або працоўную візу.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце