Пабачыць Чаркасы ды адчуць спадчыну Кабзара
Травеньская паездка ва ўкраінскія Чаркасы дала мне адчуць чым дыхае Цэнтральная Украіна. Горад, у якім чуецца подых ХІХ стагоддзя, мае свае адметнасці: і ў ім адчуваецца памяць стагоддзяў украінскага казацтва.
Першае , што бачыш калі ўязджаеш у Чаркасы — Крэмэнчуцкае вадасховішча. Вялікая вада, нібы мора, на якім не бачна берагоў. Гэтая вада заварожвае, калі едзеш па даўгім мосце і калі спыняешся на адным з яе берагоў.
Сам горад архітэктурна нагадвае Чарнігаў, той з украінскіх гарадоў, дзе я пабываў не адзін дзесятак разоў. Аднак, калі гуляеш па вуліцах Чаркасаў, заўважаеш адметнасці вялікага горада.
Горада, які не аднойчы знікаў і быў зруйнаваны. У цэнтры засталіся некалькі дзесяткаў старых пабудоваў. Адной з цэнтральных вуліц Чаркасаў з’яўляецца, як у сталіцы Украіны – Кіеве, вуліца Хрэшчатык, на якой можна ўбачыць пабудовы здавалася б дзіўнага колеру.
Блакітны колер былога гатэля «Славянскі» з вострым шпілем блакітнага колеру збудаваны ў стылі неаготыкі нагадвае гарадзенскі Дом урача Тальгейма. Аднак блакітны колер выдае адметнасць Чаркасаў.
Гуляючы цягам па цэнтры горада заўважаеш і іншыя цікавыя пабудовы.
Вельмі ўражвае пабудаваная ў 1955 годзе Чаркаская абласная філармонія, якую я пабачыў звонку і знутры . Украінскія вайскоўцы ў парадных строях чакалі нас, групу беларускіх журналістаў якія завіталі на ІІІ фэст тэлерадыё праграм “Кабзар Яднае Украіну”, на прыступках філармоніі, і стваралася ўражанне, што мы трапілі не на фэст журналістыкі, а на нейкі парад. У будынку філармоніі ўдалося паслухаць амаль трохгадзінны канцэрт як прафесійных, так і аматарскіх калектываў Чаркашчыны.
Паралельна вуліцы, дзе стаіць філармонія знаходзіцца вуліца Кабзара – вуліца Тараса Шаўчэнкі, дзе “кабзар” стаіць помнікам і яго выявы можна пабачыць у выглядзе мазаікі на дамах гэтай вулічкі.
Зялёны двухпавярховы будынак недалёка ад вуліцы Шаўчэнкі – гэта стары лялечны тэатр Чаркасаў, што пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Уваход у лялечны тэатр упрыгожвае кампазіцыя, на якой сабраныя героі дзіцячых народных казак.
Калі будзеце некалькі дзён у Чаркасах раю наведаць мастацкі музей, дзе можна пабачыць іканапісныя працы ХІV – ХІХ стагоддзяў, а таксама працы партрэтыстаў ХVІІІ – ХХ стагоддзя.
Канешне, калі знаходзішся ў Чаркасах, трэба наведаць музей «Кабзара» у старажытным доме Цыбульскіх. У народзе будынак называюць «музеем адной кнігі» і вядома што ў купцоў Цыбульскіх Тарас Шаўчэнка спыняўся ў 1859 годзе. Цікавосткай гэтага музея з’яўляецца арыгінал «Кабзара» 1840 году выдання які паказваюць кожнаму наведніку.
Паесці ў Чаркасах можна ў вялікай колькасці кавярняў і рэстаранў, але мяне з’дзівіла вялікая “Варэнічна” дзе можна пакаштаваць амаль два дзесяткі гатункаў розных варэнікаў.
Абавязкова наведаю Чаркасы на некалькі дзён у бліжэйшы час, каб адкрыць для сябе адметную прыгажосць гэтага горада. А гэтая паездка ў Чаркасы была арганізавана прадстаўніцтвам Фонда Эберта ў межах візіту сяброў «Беларускай асацыяцыі журналістаў» на фэст «Кабзар яднае Украіну».
Андрэй Мялешка, Гародня – Чаркасы, Беларускае Радыё Рацыя