Пачатак уласнага флоту эпохі вікінгаў



Рэканструяваны ранне-сярэднявечны карабель “Яцвяг” спушчаны на нёманскую ваду непадалёк Бярозаўкі. Дракар часоў эпохі вікінгаў пабудавалі сваімі рукамі адмыслоўцы музея жывой гісторыі “Панёманскае гарадзішча” з мэтай прайсці шляхам з варагаў у грэкі па Нёмане. У нялёгкі шлях ад Бярозаўкі да Гародні да беларускага карабля далучацца яшчэ дзве лодкі з Санкт-Пецярбурга і Херсона. Зараз, калі “Яцвяг” спушчаны на ваду, ідзе плённая падрыхтоўка да першага ў Беларусі судаходнага фестывалю ранне-сярэднявечнай культуры “З вараг у грэкі 2014. Нёман”. Па словах аднаго са стваральнікаў карабля Паўла Дарафея, са спускам на ваду “Яцвяга” ў Беларусі пачынаецца гісторыя ўласнага флоту эпохі вікінгаў.

– Даўжыня карабля – 13.25 м. Максімальная шырыня – 3 метры. Карабель пабудаваны па ўсіх гістарычных тэхналогіях ранняга сярэднявечча. То бок сапраўдны карабель эпохі вікінгаў. Аналагоў у Беларусі на сённяшні дзень няма.

Фестываль рэканструкцыі ранне-сярэднявечнага судаходства пройдзе па Нёмане на працягу тыдня – з 21 па 27 верасня ў Бярозаўцы, Мастах і Гародні. На кожнай стаянцы будуць арганізаваныя варажскія лагеры, кірмашы, спаборніцтвы дружынаў ды жывая сярэднявечная музыка і забавы.

[Not a valid template]

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.