Падарожжа падчас пандэміі: Скідаль



Падчас пандэміі й зачыненых межаў гарадзенцы часцяком пачалі ездзіць па Беларусі. Вось і мы сям’ёй вырашылі паездзіць па розных гарадах Гарадзеншчыны. Гэтым разам мы выбралі Скідаль – старажытнае беларускае мястэчка, існаванне якога вядома з 15 –га стагоддзя.

Рушылі мы з Гародні цягніком  і праз 35 хвілін выходзілі на адным з самых старых вакзалаў Гарадзеншчыны. Дзьвухпавярховы будынак вакзала паўстаў у Скідалі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Па дарозе да цэнтра гораду можна даехаць рэйсавым аўтобусам, але мы прайшліся амаль два кіламетры пешшу і праз паўгадзіны былі ўжо ў цэнтры гораду, дзе апроч савецкага помніка і простай пабудовы пачатку ХХ стагоддя амаль нічога цікавага нельга ўбачыць.

Самыя цікавыя будынкі і мясціны, можна сказаць, сканцэнтраваны ў адным месцы. Старажытны млын у гэтым горадзе пераўтвораны ў мясцовае аддзяленне міліцыі.

Насупраць гэтага будынку стаіць прыгожая брама у выглядзе дзьвюх вежачак рознай вышыні, пабудаваная напрыканцы ХІХ стагоддзя.

Праз браму можна прайсці ў дэндрапарк, дзе шмат цікавых старажытных дрэваў.

Тут таксама стаіць савецкі помнік загінулым ваярам.

Але самае цікавае знаходзіцца праз дарогу – гэта каталіцкі касцёл Узнясення Панны Марыі, які нагадвае казачны кляштар. У восеньскі час касцёл вельмі прыгожа выглядае сярод жоўтых і чырвоных лістоў.

На жаль, патрапіць у гэты неагатычны будынак нам не ўдалося, аднак мы шмат даведаліся пра яго гісторыю, што напісаная на бігбордах побач з будынкам.

Каля касцёла таксама знаходзіцца перабудаваная плебанія, дзе ад старога будынку засталіся толькі дзьве каменныя сцяны. Дзецям цікава таксама было палазіць па савецкай вайсковай тэхніцы, якая нядаўна з’явілася ў 100 метрах ад касцёла.

У Скідалі можна пабачыць таксама старую жыдоўскую пабудову першай паловы ХХ стагоддзя, якая раскідана па розных  частках гораду.

У Гародню мы з’яджалі рэйсавым аўтобусам з аўтавакзалу, што месціцца недалёка ад цэнтра гораду. Падарожжа ў Скідаль – самае простае падарожжа выходнага дня, якое можна зрабіць, калі зачыненыя межы.

Сяргей Апановіч, Гародня-Скідаль-Гародня

Фота Сяргея Апановіча