Падарожжа ў Астрыну



Падарожжа ў Астрыну, беларускае мястэчка з амаль двума тысячамі жыхароў, адбылося ў мяне ў сярэдзіне жніўня падчас паездкі да беларускага палітыка Аляксандра Мілінкевіча.

Праз Астрыну праязджаеш на машыне ці аўтобусе, калі рухаешся з Гародні ў бок Радуні праз Азёры. Прамая дарога нібы разразае гэты населены пункт і дазваляе пабачыць розныя знакамітыя будынкі.

Асноўным і самым вядомым помнікам Астрыны з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква, што пабудавана ў гэтым мястэчку ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Каталіцкая вера прадстаўлена ў Астрыне неагатыцкім сучасным касцёлам, што пабудаваны ў 2001-м годзе.

Яшчэ адна пабудова гэтага былога заходне-беларускага мястэчка – тыпова габрэйская. Гэта бачна па старых дамках канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. На некаторых з іх засталіся розныя знакі і сімвалы, характэрныя да такой пабудовы. Трагедыя гэтага мястэчка ў першую чаргу звязаная з Другой сусветнай вайной. У мястэчку ў час нямецкай акупацыі існавала гета і адбываліся расстрэлы жыхароў. Сюды, у Астрыну, былі сагнаныя габрэі з Новага Двара, Дэмбрава і іншых вёсак, а пры ліквідацыі Астрынскага гета ў 1943-м годзе было знішчана амаль дзве тысячы габрэяў.

Памяць пра гэтыя падзеі амаль не адлюстравана ў сучасным мястэчку. Пры савецкай уладзе пастаўлены помнікі савецкім жаўнерам і брацкія магілы падпольшчыкам у самым цэнтры мястэчка, а таксама помнік савецкім функцыянерам, што загінулі ў канцы 40-х гадоў ХХ стагоддзя ад розных “лясных братоў”. У цэнтры мястэчка стаіць і невялічкі Ленін, што паказвае рукою ў бок Літвы.

[Not a valid template]

Спадзяюся наступным разам правесці больш часу ў Астрыне і даведацца пра мясціны, звязаныя з Цёткай (Алаізай Пашкевіч), якая з’яўляеццаа таксама ўраджэнкай гэтых мясцінаў.

Андрэй Мялешка, Гародня-Астрына

Фота аўтара