Падарожжа ў Берасце
Гарадзенцам і жыхарам памежжа падчас пандэміі й зачыненых межаў хочацца вандраваць. Але цяпер асноўныя вандроўкі – гэта падарожжы ў іншыя гарады Беларусі. Вось і мы выправіліся ў іншы горад – гэтым разам мэтаю нашага маршруту стаў іншы абласны цэнтр – Берасце.
Даехаць з Гародні да Берасця магчыма некалькімі шляхамі: маршруткаю, якая йдзе амаль тры гадзіны, аб’язджаючы гарады і па сваім шляху ляціць праз Белавежскую Пушчу. Другі шлях – гэта цягніком – так званай “кругасветкаю”, якая едзе больш за 12 гадзін праз Баранавічы ды іншыя гарады.
А трэці шлях , які абралі мы – гэта праз Індуру, Вялікую Бераставіцу, Ваўкавыск ды іншыя гарады машынаю. Час, такім чынам, заняў каля 2, 5 гадзін.
Берасце мяне, гарадзенца, уразіла некалькімі рэчамі. Гэта, па–першае, памеры гораду. Яны большыя за гарадзенскія амаль у два разы, а насельніцтва – троху меньшае. Другое – тое, што мяжа з Польшчаю знаходзіцца амаль у самым горадзе. Трэцяе, што старога гораду амаль не засталося. Маецца на ўвазе гораду 17-18 стагоддзя, кавалкі ягога лёгка знайсці ў Гародні.
Гэта гістарычны факт, што на месцы такога Берасця зараз стаіць Брэсцкая крэпасць, і ў ёй з розных бакоў можна пабачыць старыя будынкі Берасця – гораду, якога зараз няма.
Першыя ўзгадкі пра старажытнае Берасце адносяцца да ХІ стагоддзя, у мінулым годзе адзначалі 1000-годдзе з першых успамінаў пра горад. Помнік гэтай падзеі стаіць у самым цэнтры гораду, і кожны турыст абавязкова хоча яго пабачыць і сфатаграфаваць. Вялікі слуп з барэльефамі вядомых людзей стаўся гарадской знакамітасцю. Каля помніка размясціліся мясцовыя гандляры, у якіх можна набыць лялькі з беларускім каларытам.
Берасце адрозніваецца ад Гародні таксама вялікай колькасцю малых архітэктурных формаў, якія трапляюцца амаль на кожным кроку.
Канешне, у нашым падарожжы наведалі Брэсцкую крэпасць, каб узгадаць яе абарону ў 1939-м годзе і савецкую мемарыялізацыю гэтага аб’екта. Аднак, зайшлі мы на яе не з цэнтральнага ўваходу, праз які звычайна праходзяць святочныя мерапрыемствы на 9 траўня, ці на 3 ліпеня.
Пазнаёміцца са старажытнымі пабудовамі былога Берасця лепш у адмысловым музеі, дзе на розных узроўнях магчыма паглядзець як паўставаў горад.
А таксама цікавым аб’ектам з’яўляюцца парэшткі Манастыра бернардынак, пра гісторыю якога можна даведацца як на невялічкім постары, так і праз адмысловае прыкладанне.
Шлях з Берасце ў Гародню быў пракладзены праз Камянец, Косава, але гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя.
Сяргей Апановіч, Гародня- Берасце-Гародня