Падарожжа ў Гданьск – горад, які памятае 1939 год
У жніўні 2019 году ўдалося здзейсніць падарожжа ў самы цікавы польскі порт на Балтыйскім моры – Гданьск.
Горад разам з Сопатам і Гдыняй аб’яднаны ў так званы кангламерат – „Труймясто”. У аб’яднанні трох гарадоў Гданьску адведзена цэнтральнае месца, тут знаходзіцца вялікая колькасць адміністрацыйных будынкаў, банкаў, кавярняў ды інш.
У спякотны жнівеньскі дзень горад прымае вялікую колькасць турыстаў з усяго свету, тут можна пачуць ангельскую, нямецкую, італійскую, расейскую, а таксама вялікую колькасць іншых моваў.
У спякотнае надвор’е можна пасядзець каля фантанаў, якіх у горадзе вялікая колькасць, праплыць на „пірацкім” караблі, схавацца ў вялікай колькасці кавярняў і бараў ці прайсціся па шматлікіх музеях.
На вуліцах Гданьску адбываецца імправізаваная выстава з партрэтамі жыхароў гораду, вайскоўцаў-абаронцаў гораду ў 1939 годзе. Менавіта каля Гданьску ў 1939 годзе на Вестэрплатэ разгортваліся падзеі пачатку адной з самай страшных войнаў ХХ-га стагоддзя.
Здымкі абаронцаў гораду можна пабачыць на слупах і рэкламных расцяжках. У цэнтры гораду на вялікіх білбордах прадстаўлена інфармацыя пра тое, як пачыналася ІІ сусветная вайна.
Гэтым разам Гданьск уразіў пяшчотнымі адносінамі да дзетак, вялікай колькасцю дзіцячых пакояў і месцаў для адпачынку з дзецьмі. Магчыма таму, што сёлета ў гэты горад я падарожнічаў са старэйшай дачкой.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя