Падарожжа ў Полацак: Сафійскі сабор



Падарожжа ў Полацак адбылося ў мяне ў чэрвені 2021 году і гэта была мая першая ў маім жыцці вандроўка ў былую сталіцу дзякуючы суполцы “Belarus in tour” Першым , што ўзгадалася пры прыездзе ў Полацак стала песня Андрэя Мельнікава на словы Леры Сом “Па дарозе з Вільні на Полацак” . Сапраўды я не думаў, што “калісці патраплю ў Полацак, уцякаючы ад навальніцы”. На ўездзе ў Полацак сапраўды додждж скончыўся і перад маімі вачыма я ўбачыў велічны храм на беразе Заходняй Дзвіны.

Прыклад віленскага барока схаваў у сабе старажытныя сцены і скляпенні будынка ХІІ стагоддзя. Калі звярнуцца да гісторыі храма то “сабор у Полацку з’явіўся пасля сваіх „старэйшых сясцёр” у Кіеве і Ноўгарадзе, пабудаваных па ўзоры сабора ў Канстанцінопалі, і стаў чацвёртым у свеце храмам Святой Сафіі”.

Грэчаскае слова „сафія”, што азначае „мудрасць, майстэрства”, палачане тлумачылі шырэй – як вялікую чалавечую агульнасць, праяву адзінства жыхароў княства. Упершыню храм згадваецца ў „Жыціі прападобнай Ефрасінні Полацкай” і „Слове пра паход Ігараў” ХII стагоддзя. Велічнае збудаванне ўзводзілі візантыйскія майстры і гараджане ў 1044 – 1066 гадах па распараджэнні князя Усяслава Чарадзея. Сімвал незалежнасці і магутнасці Полацкага княства, храм нібы ўвасабляў белы карабель, які плыве па Дзвіне. Пабудаваны па візантыйскіх канонах, але ў традыцыях полацкага дойлідства, храм размяшчаўся ў Верхнім замку паміж палацамі князя і маёнткам епіскапа, што сведчыла аб ролі царквы ў дзяржаве. Цяперашні будынак Сафіі з\явіўся дзякуючы полацкаму архіепіскапу Фларыяну Грыбніцкаму вядомы дойлід Ян Крыштоф Глаўбіц адбудаваў Сафійскі сабор у стылі віленскага барока. У час вайны 1812 года ў сцяне сабора ў спецыяльна зробленай нішы захоўвалася свяшчэнная праваслаўная рэліквія – Крыж Ефрасінні Полацкай. Цяперашні храм – гэта збольшага канцэртная заля і музей, дзе можна шмат чаго даведацца пра гісторыю будынка і даведацца, што значыла гэтая пабудова ў Полацку і ў беларускай дзяржаве. Можна выпадкова далучыцца да экскурсіі, дзе распавядуць пра уніяцтва і пра праваслаўе ў гэтым храме.

Пра полацкую Сафію вельмі добра напісаў ў адной са сваіх кнігаў Павал Севярынец: “Лёс Полацкай Сафіі канцэнтруе ў сабе і драму самой Беларусі. Духовы подзьвіг. Аблогі. Разбурэньні. Перабудовы. Перадача ад праваслаўных да вуніятаў і наадварот. Разьня Пятра І перад алтаром. Выбух парахавых складаў, зробленых у храме расейскім войскам. Захоўваньне крыжу Эўфрасіньні Полацкай. Музэй і канцэртная заля ў савецкія часы… Раю наведаць Сафію Полацкую кожнаму вандроўніку, калі занесе яго лёс на Віцебшчыну.

Андрэй Мялешка Гародня-Полацак-Гародня