Падарожжа ў Воўчын і Грымячу, альбо маршрут выходнага дня



У сітуацыі калі на папулярны раней шопінг да суседзяў у Польшчу паехаць не выпадае, адпачыць і развеяцца пасля працоўнага тыдня можна і ў ваколіцах Берасця. Сярод такіх мясцовасцяў гэта цяперашнія вёскі Воўчын і Грымяча, што на Камянеччыне, наведаць якія можна цягам аднаго дня. У залежнасці ад абранага шляху, месцяцца яны ў 45-50 кіламетрах на паўночны-захад ад горада над Бугам. Дабрацца туды можна альбо на аўтобусе, альбо на ўласным аўтамабілі.

Першы пункт — вёска Грымяча. На ейнай тэрыторыі захаваліся рэшткі сядзібна-паркавага ансамблю ХІХ, будаўніцтва якога звязваюць з княскім родам Пузынаў, адным з колішніх уладальнікаў маёнтку. Сама сядзіба пакуль што знаходзіцца ў паўразбураным стане, хоць дзейнасць будаўнікоў там і заўважана. Сцены і дах з большага цэлыя, хоць месцамі пакладзена новая цэгла. Таксама на сядзібе вісіць шыльда з інфармацыяй пра гістарычную каштоўнасць, а тэрыторыя агароджана плотам. Усярэдзіне не ўсё так аптымістычна, бо падлогі няма і адное што захавалася аўтэнтычная металічная вінтавая лесвіца, але ўжо без парэнчаў. «Бачна дзейнасць паляўнічых за цэглай», – заўважаюць спадарожнікі. Сама ж прастора, вакол сядзібы з боку шашы на Воўчын, рэшткі даўняга парку. Сям там трапляюцца каменныя гаспадарчыя пабудовы з тых часоў і такія ж падмуркі, на якія дбайныя вяскоўцы паставілі ўжо цяперашнія свае хаты.

Літаральна праз пяць кіламетраў уязджаем у вёску Воўчын, другі і апошні пункт гэтага маршрута. Ад колішняга старадаўняга млыну на рацэ Пульва пры ўездзе застаўся толькі падмурак. Аматары даўніны кажуць што будынак згарэў. Сям там трапляюцца каменныя пабудовы ХІХ стагоддзя, але найбольшую цікавасць уяўляюць цяперашняя праваслаўная Царква святога Мікалая Цудатворца і дамінанта месца — Касцёл Найсвяцейшай Троіцы. Нягледзячы на тое, што была нядзеля, дзверы царквы былі зачынены і прыйшлося задаволіцца шпацырам па тэрыторыі вакол. Паводле даведнікаў, праваслаўная царква калісьці была зусім не праваслаўнай, а ўніяцкай. Сапраўды, заўважна што ў абрысах будынку можна ўгледзець рысы дабудоваў. Побач з царквой кантрастуе брацкая магіла савецкіх воінаў, палеглых у часы ІІ сусветнай.

Едзем трохі далей і заўважаем высокі будынак ружовага колеру з каталіцкім крыжам і гадзіннікам. Гэта і ёсць галоўны мэтавы аб’ект падарожжа — Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ХVIII стагоддзя. Менавіта ў ім хрысцілі апошняга польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які быў ураджэнцам Воўчына. Касцёл вядомы з 1733 году, хоць пачатак ягонага будаўніцтва быў крыху раней. Пасля паразы паўстання 1863-64 гадоў, у Беларусі вядомага як паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, царскія ўлады перадалі касцёл праваслаўным. Ужо па І сусветнай ён быў вернуты каталікам і ў 1938 годзе туды, з тагачаснага ўжо Ленінграду перавезлі парэшткі таго самага караля і вялікага князя. Такім чынам касцёл стаў і месцам хросту і часовым месцам спачыну манарха.

З прыходам саветаў і «ваенную ліхаманку», паводле даведнікаў, касцёл быў зачынены, частка прыхаджанаў пераходзіла ў суседнюю Польшчу і ўрэшце рэшт будынак застаўся без нагляду. Паводле словаў цяперашняга мясцовага ксяндза, у пэўны момант адно з вокнаў узламалі і магілу апошняга караля разрабавалі. Толькі напрыканцы 1980-х група энтузіястаў, сярод якіх быў і будучы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, наведалі касцёл каб адшукаць парэшткі караля. Пра тое, што ім удалося знайсці і ў якім стане быў касцёл, можна прачытаць у кнізе «Воўчынская гісторыя». Пазней тыя невялікія фрагменты знойдзенага перадалі ў Польшчу і можна было б скончыць гісторыю, калі б не адно але…

У 2007 годзе касцёл, ад якога літаральна засталіся сцены і фрагменты даху, перадалі Пінскай епархіі рыма-каталіцкай царквы. Ужо ў 2008 годзе там пачаліся аднаўленчыя працы — знайшоўся неабыякавы чалавек, замежнік-паляк, інжынер-рэстаўратар Віктар Вільк, які не толькі запусціў працэс, але і шукаў на гэтыя сродкі. Касцёл паступоваў змяняў свой выгляд. Адрэстаўравалі аднаго з чатырох евангелістаў, якога вярнулі на рог даху касцёла (тры фігуры яшчэ чакаюць на інвестара), адрамантавалі дах, атынкавалі і пафарбавалі сцены і змясцілі гадзіннік, з боем.

Праўда майстар Віктар Вільк так і не скончыў задуманае, бо памёр у 2016 годзе. Фінансаванне праекта запаволілася. Сям там дапамагала дзяржава, скончылася рэшта сабраных раней сродкаў, аднак, нягледзячы на цяжкасці, у лістападзе 2020 касцёл асвяцілі з удзелам біскупа Пінскай епархіі і адкрылі для наведвальнікаў. Там, у адным з кутоў, дзе меркавана быў спуск у падвал з труной караля, знаходзіцца памятная польскамоўная шыльда з узгадкай пра яго ад суайчыннікаў.

***

Згаданыя мясцовасці, акрамя караля вядомы яшчэ і іншымі знакавымі постацямі гісторыі Беларусі і суседніх краінаў. Сярод ураджэнцаў Воўчына былі: гетман польны літоўскі Вінцэнт Корвін-Гансеўскі і мастак Зыгмунт Фогель. Грымяча ж — радзіма гісторыка, пісьменніка і паэта Юзафа Эдварда Пузыны.

Беларускае Радыё Рацыя. Воўчын-Грымяча