Падарожжы без бар’ераў – новы сайт для турыстаў з інваліднасцю
Выхадзец з Беларусі Дамір Мілер стварыў цікавы сайт для падарожнікаў з інваліднасцю. Рэсурс дапамагае трапіць з пункта А ў пункт Б з найменшымі энергазатратамі.
Бацька Даміра паходзіць з Гарадзеншчыны. Пасля вучобы ва універсітэце па размеркаванні трапіў у Казахстан, але ў 1990-х разам з сям’ёй вярнуўся на радзіму і пачаў працаваць суддзёй у горадзе Капыль – ужо на Меншчыне. Сам Дамір згадвае, што ў 12 год прыйшоў у мясцовую школу і адразу ж трапіў з аднакласнікамі на бульбу – быў верасень месяц! Прызнаецца, што бульбу капаў горш за ўсіх, затое няблага пісаў сачыненні па беларускай літаратуры, любіў Быкава і Гартнага… Найбольш хлопчыка здзівіла прыгажосць мясцовай прыроды – лясоў, азёр, рэк.
Пасля школы Дамір вырашыў стаць юрыстам, як і бацька. На жаль, хвароба – неаперабельная пухліна ў пазваночніку – скарэктавала планы. Пасля трэцяга курса хлопец вяртаецца ў Капыль, шукае сябе, чытае, набывае кампутар і спрабуе жыць далей… Стварае першы ў горадзе кампутарны клуб, становіцца паспяховым прадпрымальнікам, займаецца спортам. Клуб Даміра робіцца тусовачны месцам для прасунутай моладзі і працуе 24 гадзіны на суткі.
“Час першых кампутарных рамантыкаў, якія потым сталі праграмістамі!” – настальгічна згадвае Дамір.
І ўсё ж новы віток хваробы вымусіў хлопца згадаць пра габрэйскія карані і рвануць у Ізраіль – трэба было ратаваць жыццё. Тагачасны консул Ізраіля ў Беларусі Рон Шэхтэр пашкадаваў маладога чалавека, які ўжо ледзь мог прайсці 100 метраў да машыны і дапамог трапіць да класнага хірурга. Дамір выжыў, але канчаткова страціў магчымасць хадзіць. Прыйшлося вучыцца жыць па-новаму ў новай краіне. Вучыўся перамяшчацца на інвалідным вазку, вучыў ангельскую мову і праграмаванне. Апошняе дапамагло знайсці працу ў тэхнічным аддзеле паліцыі Іерусаліма… Потым было шмат іншых працоўных праектаў. Падчас аднаго з іх Дамір сустрэў сваю будучую жонку Талію (дарэчы, на іх вяселлі быў той самы спадар консул!)
Пасля знаёмства з Таліяй зразумеў – трэба ствараць нейкі сайт, гайд, які б дапамагаў ствараць безбер’ерныя маршруты па Ізраілі ды іншых краінах. Справа ў тым, што Талія жыла на другім паверсе і маладыя людзі вырашылі працягнуць знаёмства ў паездках па краіне. Потым былі далейшыя падарожжы. І паўсюль былі недалікі то ў выглядзе прыступак, то ў выглядзе вузкіх дзвярэй. Дамір стварыў суполку ў фэйсбуку, а цяпер запусціў сайт рускай і ангельскай мове з расповедамі пра зручныя і безбар’ерныя падарожжы. Ізраіль, Расея, Турцыя, Францыя… Гатэлі, гіды, гайды – усё для чалавека з пэўнымі праблемамі здароўя (зрок, слых, парушэнні мабільнасці) у адным месцы. Насамрэч гэта вынік працы многіх людзей з розных куточкаў свету, але гэта ўжо іншая гісторыя – гісторыя каманды, да якой заўжды можна далучыцца падарожніку, валанцёру або гіду. Кожнаму, хто любіць падарожжы і адважваецца пераадолець бар’еры знешнія і ўнутраныя.
Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя Фота з фэйсбука Даміра Мілера