Падарожжы падчас пандэміі: Наваградак
У час калі з-за пандэміі зачыненыя межы можна падарожнічаць па Беларусі. Адным з першых гарадоў, якія я раю наведаць, гэта былая сталіца Вялікага княства – Наваградак.
Самым значным і знакавым месцам у гэтым горадзе з’яўляецца замак. Як піша Вікіпедыя, замак гэты «паўстаў у XIV–XVI стагоддзях, ён быў адным з самых магутных на беларускіх землях. У яго сценах праходзілі дзяржаўныя сеймы, сустрэчы паслоў і каралёў. Гэта ўнікальнае збудаванне абароннага дойлідства сваёй эпохі размешчана на Замкавай гары, абкружанай ровам».
Цяпер замак усё яшчэ выглядае магутным помнікам даўніны, яго памеры ўражваюць.
Засталіся бачнымі дзве вежы. Прычым Касцельная вежа падчас рэканструкцыі, можна сказаць, была складзена занава.
Апошняя кансервацыя Наваградскага замку адбывалася ў 2012- 15 гадах, і цяпер можна пабачыць амаль адноўленую вежу справа, калі ўваходзіш на тэрыторыю дзяцінца.
Чакаецца, што тэрыторыя Наваградскага замку будзе рэстаўравацца і далей згодна з дзяржпраграмай «Замкі Беларусі», і, магчыма, праз 5-10 год наведнікі, што завітаюць у Наваградак, – не пазнаюць замак.
Цяпер жа застаецца толькі ўяўляць, што рабілася тут у замку 600 і 700 год таму, калі ён быў цэнтрам вялікай дзяржавы пад назваю Вялікае Княства Літоўскае.
Андрэй Мялешка, Гародня-Наваградак-Гародня