Падарожжы падчас гвалту: Мядзельская Кальварыя
«Што ў сталіцы? Мякка сцелюць? Спаць не жорстка?
Як там Цэзар? Чым ён заняты? Усе інтрыгі?..
Калі выпала ў Імперыі нарадзіцца, лепш жыць у глухой правінцыі ля мора».
Гэтыя радкі з «Лістоў рымскаму сябру» Іосіфа Бродскага часцяком цытуюць прыніжаныя і пратэстуючыя на ўсёй постсавецкай прасторы. Бо свая «правінцыя ля мора» мусіць быць у кожнага, каб адпачыць пасля змаганняў.
Адна з мясцінаў Беларусі, якая цалкам падыходзіць пад формулу Бродскага – Мядзельская Кальварыя з ваколіцамі.
Размешчанае ў 120 км ад Менску намоленае месца варта наведаць па некалькіх прычынах.
Па-першае, гэта адзіная з захаваных на Беларусі Кальварыя, закладзеная ў падабенстве Крыжовай дарогі ў Іерусаліме. Год закладання – ці то 1772, ці то нават 1765-ы.
Па-другое, Мядзельская Кальварыя аднаўлялася тры разы. Акрамя ўдумлівага шпацыру па ланцугу каплі, гасцей напаткае і трапнае слова, і гонар за перадачу духоўных каштоўнасцяў праз стагоддзі нашчадкамі насуперак усяму.
Па-трэцяе, гэта, безумоўна краявіды, якія могуць натхняць і суцяшаць. Усе 14 пунктаў Мядзельскай Кальварыі размешчаны на трасе даўжынёй 2 км. Завяршае маршрут найпрыгажэйшы краявід з Гары Трох Крыжоў на воды возера Мядзел.
Па-чацёртае, сам Мядзел, маўклівы і стрыманы, хавае сваю галоўную перлавіну – барочны Касцёл Маці Божай Шкаплернай.
І, нарэшце, россып азёраў навокал: Нарач, Белае, Мястра, Баторына. Падаецца, што навокал марскія прасторы Балтыкі, няйначай.
Усё разам гэта і стварае «глухую правінцыю ля мора», якая так патрэбная людзям у нашыя дні.
Беларускае Радыё Рацыя