Падарожжы ў недакаранцін: Ліда
У час недакаранціну вялікая колькасць беларусаў пачала падарожнічаць па роднай краіне. Хтосьці наведвае вёску, ці лецішча бацькоў, а некаторыя едуць наведаць бліжэйшыя гарады. Вось і мы з сям’ёй падаліся ў такое падарожжа. Аказалася, што даехаць да Ліды каштуе ўсяго 8 рублёў на чалавека, калі ехаць маршруткаю, а дзеці да 3 год едуць бясплатна. Шлях да Ліды з Гародні займае паўтары гадзіны і нам трапілася маршрутка, дзе мы маглі выконваць правілы сацыяльнай дыстанцыі: апроч нашай сям’і ў маршрутцы было два чалавекі. Маршрутка даязджае да стаянкі паміж аўтавакзалам і чыгуначным вакзалам. Адтуль да цэнтральных вуліц горада некалькі соцень метраў і самым першым вы ўбачыце замак. Калі абыходзіш замак – адразу адчуваеш магутнасць сярэднявечча і тое, для чаго ён будаваўся ў ХІV стагоддзі. Аднак гэтым разам не пра замак.
Абыходзячы будынак, можна заўважыць помнік Гедыміну. Велічны ваяр і кіраўнік дзяржавы – гэта першае, што прыходзіць у галаву, калі бачыш гэты помнік.
Праз дарогу ад помніка знаходзіцца гатэль, на прыступках якога тамсама ёсць невялікі помнік – камандзіровачнаму. Чалавек у капелюшы сядзіць на лаве і бачна, што чалавек прыехаў не проста ў вандроўку ці на працу.
Каля 100 метраў далей стаіць старажытны касцёл – Узвышэння Святога Крыжа, пачатак пабудовы гэтага касцёла звязаны таксама з ХІV стагоддзем.
Як піша сайт radzima.org: “ Існуючая мураваная святыня была пабудавана па ініцыятыве біскупаў Тамаша і Міхаіла Зянковічаў у 1765—70 як фарны касцёл. Быў абкружаны мураванай агароджай з барокавай брамай (зруйнаваныя ў 1960-я). У 1781 годзе парафiя налiчвала 5662 чалавек. У 1794 годзе ля касцёльнай агароджы былі пахаваныя iнсургенты, палеглыя ў баi каля Лiды. У 1797-ым пабудаваны новы парафiяльны цвiнтар. Падчас адбудовы святыні пасля пажару 1821 былi разабраныя дзве вежы з галоўнага фасада. У 1831 кс. Лоча прыняў прысягу палонных каталiкоў з разбiтага расейскага батальёну. Пры падаўленні паўстаяння Кастуся Каліноўскага расейскімі карнікамі 13.06.1863 быў расстраляны кс. Адам Фалькоўскi (пробашч парафii Iшчолна). У 1872 годзе парафiя налiчвала 9892 чалавек. У гэты час дзейнічалі каплiцы ў Чаховiцах i Перапешчыцах. У Другую сусветную вайну ў 1943 годзе быў забiты кс. Станiслаў Снiглоцкi.”
Леваруч ад касцёла стаіць помнік першадрукару Францішку Скарыну. Прыгожы помнік пастаўлены ў Лідзе яшчэ ў 1993 годзе. Скарына ўвасоблены ў скульптуры ў доўгім адзенні з узнятай угару правай рукой, што сімвалізуе веды і мудрасць – так традыцыйна малююць гэтага навукоўца эпохі Рэнесансу. Кажуць, што прыгожы твар лідскага Францішка нагадвае Давіда, створанага Мікеланджала. Побач – кніга на высокай падстаўцы. Падмурак помніка каменны.
Вуліца, на якой стаяць гэтыя помнікі, зыходзіцца на скрыжаванні з вуліцай Міцкевіча, на якой знаходзіцца бадай самая вядомая славутасць Ліды – Лідскі бровар, дзе апроч піва робяць хіба самы вядомы ў Беларусі, і не толькі, – лідскі квас. (Я раю вам цёмны, але ў кожнага свае густы і смакавыя ўпадабанні).
Каля піўнога завода – сажалка – месца адпачынку мясцовага насельніцтва.
На заводзе раней працаваў піўны рэстаран, можна было паспрабаваць вялікую колькасць гатункаў мясцовага піва, аднак зараз гэта немагчыма з-за каронавірусу. Побач працуе невялікі бар, дзе вам прапануюць толькі квас і тры гатункі піва.
Назад з Ліды мы дабіраліся хуткім цягніком Менск-Гародня, які імчыць амаль як маршрутка, за гадзіну ды 25 хвілінаў ён даязджае да Гародні. Квіток каштуе 8.59 беларускіх рублёў. А ў наступным падарожжы я распавяду вам, што можна пабачыць у Лідскім замку і якія цікавыя выставы там знаходзяцца.
Андрэй Мялешка, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня-Ліда-Гародня