Падарожжы ў пандэмію: Лідскі замак
Падарожжа ў вялізны Лідскі замак распачынаецца ў мяне з вакзала ў Лідзе, які знаходзіцца ў некалькіх сотнях метрах ад яго.
Ад вакзала ідзем простым шляхам па ходніках – да замку наўпрост машыны не ездзяць, толькі калі аб’язджаць некалькі вуліц. З вакзалу замак не бачны, але ў паўсотні метрах бачна яго веліч.
Замак –кастэдзь у Лідзе пабудаваны ў пачатку 14 стагоддзя і цяпер тут музей, дзе за праход па залах з вас возьмуць грошы.
Гэта каштуе 9 рублёў з дарослага і бескаштоўна для дзяцей да 7 год. За гэтыя грошы вам можна хадзіць па ўсёй дазволенай тэрыторыі замка, фатаграфаваць экспанаты, а ў некаторых залах нават браць экспанаты ў рукі.
Напрыклад, у адной з вежаў замку ў самым паддашы знаходзіцца экспазіцыя рыцарскіх шаломаў Еўропы. Дык наведнікам дазваляюць надзяваць два адмысловыя шаломы і браць у рукі мячы. З такімі мячамі і шаломамі выходзяць даволі стылёвыя фота для фэйсбуку ці іншых сацыяльных сетак (з асабістага досведу).
Таксама ёсць зал, дзе можна сесці за стол, і створыцца ўражанне, што ператвараешся ў вялікага князя, які сядзіць за сталом і снедае. Для фотак можна апрануць на галаву бутафорскую карону. На стале ў гэтым зале ляжаць усялякія стравы кшталту асятроў, пірагоў, нейкай садавіны ды агародніны. Усе стравы зробленыя нібы сапраўдныя, але яны – бутафорскія.
Замак выглядае вельмі добра пасля рэканструкцыі, якая скончылася некалькі год таму і яго раю наведаць, каб у летнюю спякоту схавацца ў яго галерэях ды памарыць пра тое, што было тут у Сярэднявеччы. У вялікіх пакоях можна ўзгадаць пра тое, што менвіта ў ім у 1422 г. адзначаўся шлюб караля Ягайлы з 17-гадовай Сафіяй Гальшанскай.
А чытаючы гісторыю замка быў здзіўлены тым фактам, што замак разбурыўся амаль канчаткова летам 1794 года, калі ў яго руінах вялі бой з царскімі войскамі паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі.
Сумленна прызнаюся, што заўсёды цікавіла гісторыя ІІ Сусветнай вайны, і для многіх беларусаў і не толькі будзе здзіўленнем, што ўжо ў ліпені 1941 году на тэрыторыі замка месціўся шталаг для ваеннапалонных.
Цяпер пра мінулыя факты гісторыі замку нічога не нагадвае, але калі вы стаміліся хадзіць па залах і галерэях замка, можна завітаць у кавярню, дзе праўда троху “кусаюцца” кошты.
Таму магу даць невялікую параду: захоўвайце квіткі, якія дзейнічаюць цягам дня, схадзіце ў бліжэйшую кавярню за замкавымі мурамі і вяртайцеся гуляць па замку далей.
Андрэй Мялешка, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня-Ліда-Гародня