Падарожжы ў пандэмію: Менскае мора



«Менскім морам» жыхары сталіцы называюць катлавіну Заслаўскага вадасховішча. У спякотныя дні гэты вадаём, бадай, адзінае месца, якое можа даць прытулак для адпачынку ля вады хоць усяму насельніцтву горада.

Дый і ў каронавірусны час, той жа пляж № 5 Менскага мора – ідэальны варыянт для змены лакацыі пасля гарадской мітусні. У будзень тут амаль няма адпачывальнікаў. Ці то яны выбралі, які іншы пляж абапал мора, ці то засцерагаюцца сустрэць рэшткі баевікоў ад групы ПВК «Вагнер», «частку» якіх затрымалі зусім непадалёк, у санаторыі «Беларусачка».

З іншага боку побач з «Беларусачкай» у нейкім адным кіламетры напрасткі пляж № 5 Менскага мора мяжуе з рэзідэнцыяй Лукашэнкі.

Мажліва гэтым тлумачыцца той факт, што напярэдадні выбараў дабрацца да Менскага мора напрасткі праз праспект Пераможцаў (былы – Машэрава) досыць складана. З-за распачатага рамонту моста на перасячэнні праспекта і вуліцы Арлоўскай транспартны паток з Менску на вадасховішча перанакіроўваецца на маладзечанскі накірунак. А тыя, хто ўсё ж здолее выехаць на праспект бліжэй да МКАД і накіравацца да доўгачаканага мора, можа быць спынены патрульнымі машынамі ДАІ для праверкі дакументаў і асобы кіроўцы.

Пасля ўсіх аўтапрыгодаў застаецца толькі ўладкавацца на беразе і ўглядацца ў далечыню пад шэрым небам.

Беларускае Радыё Рацыя