Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне: шмат сонца і прасторы
У верасні бягучага году ў час Дня беларускага пісьменства ўрачыста быў адчынены адрэстаўраваны былы палац князёў Друцкіх-Любецкіх. У ім зараз плануецца размясціць Палац творчасці дзяцей і моладзі.
Старадаўні палац быў пабудаваны на паўночнай ускраіне Шчучына ў другой палове 18-га стагоддзя паводле праекту архітэктара дэ Фленерса. Паводле іншых звестак праектаваў яго віленскі архітэктар Баніфацый Паўлоўскі. Парк закладаў знакаміты садавод Станіслаў Юндзіл. Першымі уладальнікамі палацу былі Сцыпіёны дэль Кампа, з пачатку 19 стагоддзя будынак перайшоў ва ўладанне князёў Друцкіх-Любецкіх, якія былі досыць уплывовымі асобамі свайго часу. Палац меў некалі вельмі багатую аздобу, каштоўную мэблю, творы жывапісу, вялікую бібліятэку. Вядома, што бібліятэка бясследна знікла ў час першай сусветнай вайны. Архіў, які ахопліваў гісторыю Шчучына з 1537-га па 1846 год быў перададзены Друцкімі-Любецкамі ў Кракаўскі музей Чартарыйскіх. Рэчы і часткі інтэр’еру шчучынскага палацу параскіданы зараз па розных краінах і сховішчах.
Каля палаца захавалася і частка старых функцыянальных і гаспадарчых пабудоваў. Цяпер помнік архітэктуры пасля дзесяцігоддзяў занядбання павінен служыць культуры. Вакол гістарычнага палаца шмат прасторы, дзе ёсць месца на скульптурныя помнікі, а тое, чым ён будзе напоўнены – залежыць ад сучаснікаў.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара