Палацы ў Косаве і Ружанах могуць стаць такімі ж прывабнымі, як замкі ў Міры і Нясвіжы
Аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны ў Пружанскім раёне Берасцейскай вобласці — палацы ў Косаве і Ружанах — у перспектыве могуць стаць такімі ж прывабнымі для турыстаў месцамі, як Мірскі і Нясвіжскі замкі.
Такое меркаванне падчас інтэрнэт-брыфінгу Нацыянальнага прэс-цэнтра і партала soyuz.by 18 красавіка выказаў намеснік старшыні Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі (РСТІ) гісторык Дзмітрый Скварчэўскі.
Ён звярнуў увагу, што большасць гістарычных памятных мясцін Беларусі размяшчаюцца не ў сталіцы ці абласных гарадах, а ў рэгіёнах. Як правіла, больш за ўсё турысты наведваюць аб’екты, што размешчаныя ў рэгіёнах з ужо сталымі турыстычнымі патокамі.
Фота: Віктар Малышчыц
„Як ні рэкламуй шматлікія турыстычныя аб’екты, аднак калі ў гэтыя рэгіёны пакуль яшчэ не склаліся турпатокі, рэклама ўсё роўна не дасць эфект, — растлумачыў гісторык. — На мой погляд, трэба аднаўляць найперш славутасці і развіваць інфраструктуру менавіта ў тых рэгіёнах, дзе ўжо існуюць натуральныя патокі. Мір і Нясвіж сталі папулярнымі не толькі таму, што аб’екты там былі ўключаныя ў спіс ЮНЕСКА, але яшчэ з-за таго, што яны знаходзяцца непадалёк ад Мінска і ў вельмі зручным месцы — па ходзе трасы М1”.
„З гэтага пункта гледжання зручна размешчаныя аб’екты ў Пружанскім раёне — палацы ў Косаве і Ружанах, дзе зараз ідуць рэстаўрацыйныя работы. Яны таксама размяшчаюцца непадалёк ад трасы М1, бліжэй да мяжы з Польшчай. Можна чакаць, што гэты своеасаблівы кластар з часам — не заўтра, вядома, — запрацуе гэтак жа, як Мір і Нясвіж, перадумовы да гэтага ёсць. Тым больш што Пружанскі раён уваходзіць у зону дзеяння бязвізавага рэжыму Брэсцкай вобласці. Гэта будзе адным з фактараў, які паспрыяе павелічэнню турыстаў у гэтым рэгіёне”, — лічыць Скварчэўскі.
Ён адзначыў, што выгадна размешчаныя аб’екты ў Крэве, Гальшанах і Ашмянах, бо людзі „праязджаюць гэтую мясцовасць, падарожнічаючы ў Гародню і Вільню”. Аднак сітуацыя ўскладненая тым, што „не хапае патрэбнай інфраструктуры”, а самі гістарычныя помнікі „далёка не ў лепшым стане”.
„Калі мы комплексна вырашым праблему, гэтыя месцы нават не трэба будзе рэкламаваць. Нават цяпер людзі масава прыязджаюць на руіны Крэўскага замка, бо для палякаў і літоўцаў ён з’яўляецца важным помнікам, звязаным з гісторыяй іх дзяржаў. Гэтае месца цікавіць і турыстаў з Расеі, для якіх Крэва і Смаргонь — важныя пункты ў кантэксце Першай сусветнай вайны. Цікавасць да гэтага рэгіёна ўжо існуе, важна яе падтрымаць і развіць”, — падкрэсліў намеснік старшыні РСТІ. На яго думку, перспектыўнымі таксама з’яўляюцца аб’екты ў Любчы, Наваградку і Гервятах.
Скварчэўскі адзначыў, што для павышэння папулярнасці аб’ектаў гістарычнай спадчыны неабходна „не толькі даваць пра іх больш інфармацыі, але і паралельна займацца развіццём турыстычнай інфраструктуры ў рэгіёнах”.
„Часта складваецца такая сітуацыя, калі турыстычная група з-за тых ці іншых прычын не можа пад’ехаць да аб’ектаў. Індывідуальны турыст туды трапіць можа, але для яго не заўсёды ёсць добрыя ўмовы — адсутнічае нармальная пад’язная дарога, няма прыбіральняў, пунктаў харчавання, сучасных крамаў. Рэклама гэтых аб’ектаў дасць той эфект, які мы чакаем, толькі тады, калі мы будзе развіваць усе гэтыя фактары ў сукупнасці”, — перакананы гісторык.