Пампеі, Вялікі Тэатр – помнік культурнай перамогі грэкаў над рымлянамі
Калі кінуць манетку ў Вялікім тэатры ў Пампеях, бразгаценне будзе чуваць на самым верхнім ярусе. Зверху можна пачуць шэпты, шоргаты і нават мяўканне коткі, якая іншым разам падыходзіць да турыстаў у пошуках пачастункаў. Без такой акустыкі тэатральнае мастацтва ў антычныя часы было б немагчымым: гукаўзмацняльнай апаратуры тады не было, а на тэатральныя імпрэзы ў грэчаскіх полісах і рымскіх гарадах збіраліся тысячы людзей.
Сакрэт гэтага цуду адкрыў Арыстаксен – адзін з першых у свеце музыказнаўцаў, а таксама філосаф, гісторык, матэматык, педагог і ўвогуле фантастычная для свайго часу асоба. Тэатр мусіць быць збудаваны ў пэўных прапорцыях, якія і ператвараюць каменную чашу ў вялізны мікрафон, і толькі з пэўных гатункаў камянёў, якія заглушаюць нізкія частоты і ўзмацняюць высокія.
Сам Арыстаксен паходзіў з Тарэнта, грэчаскага горада на поўдні Італіі, які акурат і канфліктаваў з Рымам. Канфлікт скончыўся перамогай рымлянаў; усіх жыхароў Тарэнта прадалі ў рабства, а горад, у тым ліку і тэатр, збудаваны Арыстаксенам, бязлітасна разбурылі. Але пераможцы атрымалі рукапісы і чарцяжы навукоўцы, паводле якіх і набудавалі па ўсёй Рэсубліцы, а потым і Імперыі тыя тэатры. Па хуткім часе мода на грэчаскі тэатр, грэчаскую літаратуру, грэчаскі лад жыцця апанавала пераможцаў. Што і натхніла Гарацыя на знакаміты радок: “Грэцыя, узятая ў палон, пераможцаў дзікіх скарыла…”
Так мілітарная паразка грэкаў абярнулася безумоўнай перамогай іх культуры. У чым кожны ахвочы можа пераканацца, наведаўшы тыя ж Пампеі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя