Панямонь – занядбаная сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай
На ўсходнім ўскрайку Гародні ёсць помнік архітэктуры 18 стагоддзя, які бачыў далёка не кожны нават гарадзенец. Гутарка ідзе пра старадаўнюю, адну з трох, сядзібаў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага – так званую Панямонь.
Назва мясцовасці тлумачыцца зусім проста – сядзібны комплекс размяшчаўся на правым беразе Нёмана. Пачатковая сядзіба была пабудаваная ў 1771 годзе ў стылі позняга барока паводле праекту архітэктара Ю. Аляхновіча. У 19 стагоддзі сядзібу перабудавалі. Комплекс належаў роду Ляхніцкіх. Стаіць сядзіба на стромым беразе Нёмана, захавалася толькі часткова.
Планіроўка старога парку бачна з цяжкасцю, а некалі тут усё было дакладна спланавана, створаны тэрасы з улікам атачэння ракой і глыбокімі равамі. Да Нёмана ад сядзібнага будынку спусціцца па стромым схіле ня проста – тут размешчаны агароды, а ніжэй сапраўдны зараснік.
Аднапавярховы сядзібны дом спачатку быў цагляным, затым частка разбураных сцен замененая драўлянымі. У мураванай частцы, якая зараз зачынена, пэўны час размяшчаўся клуб. У драўлянай палове дагэтуль кватэры, у якіх жывуць людзі. Вуліца, якой уласна няма, мае назву “Прагулачная”.
Увогуле Панямонь – гэта цэлы мікрараён цяпер ужо Гародні, дзе шмат жылых дамоў, ёсць свой дзіцячы садок. Сюды курсуе аўтобус нумар 5. Ад яго канцовага прыпынку да былой каралеўскай сядзібы яшчэ хіба з кіламетр, так што лепш усяго прыехаць у Панямонь на ровары ці аўтамабілі.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара