Парадак ўезду ў Расею для грамадзян Беларусі змяняецца з 10 ліпеня



У сувязі з прыняццем пастановы галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Расейскай Федэрацыі ад 2 лiпеня 2021 года № 17 змененыя правілы ўезду замежных грамадзян на тэрыторыю Расеі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый.

«Грамадзянам дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Таджыкістана з 10 ліпеня, а грамадзянам Азербайджана, Малдовы, Узбекістана, Туркменістана — з 1 верасня пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Расейскай Федэрацыі неабходна будзе пацвердзіць наяўнасць адмоўнага выніку лабараторнага даследавання матэрыялу, адабранага не раней чым за тры каляндарных дні да прыбыцця на тэрыторыю Расеі, на COVID-19 метадам палімеразнай ланцуговай рэакцыі (ПЛР) з выкарыстаннем мабільнай праграмы «Падарожнічаю без COVID-19», — адзначылі ў прэс-службе.

У Мінтрансе просяць улічваць згаданую інфармацыю пры планаванні паездак у Расею.

Фота Pixabay.com