Пасажырапаток менскага аэрапорта павялічыўся больш як на 10%
За 2018 год нацыянальны аэрапорт Мінск абслужыў 4 млн 536 тыс. 618 пасажыраў, што больш на 10,3% (+422.106 чалавек) у параўнанні з 2017 годам, паведаміла прэс-служба аэрапорта.
Лік самалёта-вылетаў, якія абслужыў нацыянальны аэрапорт Мінск, склаў 26.082, што на 6,6% (+1.624) больш, чым у 2017-м.
Апрацавана грузаў і паштовых адпраўленняў 20.217 тон, што на 10,6% (+1.934) перавышае паказчык папярэдняга года.
РУП „Нацыянальны аэрапорт Мінск” — першы міжнародны аэрапорт Беларусі, сертыфікаваны ў адпаведнасці з міжнародным стандартам ISO 9001 комплексна па ўсіх напрамках дзейнасці. Тут базуюцца авіякампанія „Белавія” і грузавыя авіяперавозчыкі. Аэрапорт быў уведзены ў эксплуатацыю больш як 30 гадоў таму і з’яўляецца асноўным паветраным портам краіны, цераз які выконваецца да 97% пасажырскіх і грузавых авіяперавозак.
У 2016 годзе нацыянальны аэрапорт Мінск атрымаў статус хаба дзякуючы транзітным перавозкам паміж Расеяй і Украінай, прамыя авіязносіны паміж якімі зараз не ажыццяўляюцца.
belapan.by