Пасажырапаток у Нацыянальным аэрапорце з-за COVID-19 упаў на 62%



Нацыянальны аэрапорт Менск у 2020 годзе абслужыў 1 млн 939,2 тыс. пасажыраў супраць 5 млн 101,7 тыс. чалавек годам раней. Такім чынам, у мінулым годзе на фоне пандэміі COVID-19 і звязаных з ёй абмежаванняў пасажырапаток скараціўся на 3 млн 162,6 тыс. чалавек, або на 62%, паведамляе прэс-служба аэрапорта.

„Сапраўды, 2020 год аказаўся няпростым. Калі па выніках 2019 года менскі аэрапорт упершыню перасягнуў адзнаку ў 5 млн абслужаных пасажыраў і ўвайшоў тым самым у новую катэгорыю па пасажырскім трафіку, то ўжо па выніковых дадзеных 2020 года назіраецца зусім іншая карціна. Усяго амаль 2 млн — такі пасажырапаток за гэты год. Гэта вярнула нас да аб’ёмаў 2012 года — тады наш аэрапорт абслужыў крыху больш за 1 млн 820 тыс. чалавек. У пачатку 2020-га мы назіралі дастаткова дынамічны рост колькасці абслужаных пасажыраў і рэйсаў — каля 20% і 7% адпаведна. Аднак затым адбылося тое, што адбылося”, — пракаментаваў генеральны дырэктар РУП „Нацыянальны аэрапорт Менск” Вячаслаў Харанека.

Колькасць самалётавылетаў у 2020 годзе скарацілася на 53,2% у дачыненні да 2019 года і склала 13.292. Найменшая колькасць абслужаных рэйсаў за суткі ў аэрапорце была зафіксавана 16 красавіка — усяго чатыры.

Максімальная нагрузка па колькасці абслужаных пасажыраў прыйшлася на 4 студзеня 2020 года, калі паслугамі мінскага аэрапорта скарысталіся 15.936 пасажыраў у суткі. Найменшая колькасць абслужаных пасажыраў прыпала на 21 красавіка — 162 чалавекі (у гэты ж дзень у 2019 годзе было абслужана 12.449 чалавек).

Самымі папулярнымі напрамкамі ў пасажыраў аэрапорта ў 2020 годзе былі Кіеў, Стамбул, Амстэрдам, Парыж і Варшава.

belapan.by