Пасол Аўстрыі: Беларускія замкі прывабныя для турыстаў
Старадаўнія замкі і комплексы ў Беларусі прывабныя для турыстаў, як і альпійскія горы ў аўстрыйскім Ціролі. Такое меркаванне выказала пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вергетэр на прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу Ціроля.
Дыпламат паведаміла, што яна з’яўляецца заўзятай турысткай і паспела ўжо наведаць многія з вядомых у Беларусі турыстычных комплексаў, замкаў і ўражана ўбачаным. „Жыхары нашых дзвюх краін падобныя тым, што выказваюць вялікую цікавасць да спорту, турызму, культуры”, – сказала яна і падкрэсліла, што стратэгія развіцця турызму ў Ціролі заснавана на прынцыпах (гісторыя, звычаі, спорт), якія могуць служыць залогам паспяховага развіцця турыстычнай галіны і ў Беларусі.
Пасол родам з федэральнай аўстрыйскай зямлі Ціроль – адной з самых прывабных мясцін у Аўстрыі для турыстаў. У мінулым годзе там пабывала звыш 2,3 млн чалавек.
Аўстрыйскі погляд на развіццё турызму прадставіў на прэзентацыі прадстаўнік Савета па турызме Ціроля і эксперт Флорыян Кар, які прыехаў у Менск азнаёміцца з беларускім турыстычным рынкам і падзяліцца вопытам. Ён вывучаў паліталогію і славістыку ў Інсбруку (цэнтр Ціроля), Сімферопалі і Маскве. Цяпер займаецца кітайскім, карэйскім, расійскім і ўкраінскім турыстычным рынкам.
Флорыян Кар звярнуў увагу, што доля турызму ў ВУП Ціроля складае 17,5 працэнта, што значна вышэй за гэты паказчык у цэлым па Аўстрыі, дзе ён складае каля 7 працэнтаў. Паводле яго слоў, у Ціролі турыстычныя традыцыі налічваюць больш за 100 гадоў. Тут актыўна выкарыстоўваюцца і аўтэнтычныя аспекты, напрыклад, для турыстаў на горных фермах у Альпах. Але самы прывабны – гарналыжны турызм (больш як палавіна турыстаў прыязджае зімой). Флорыян Кар расказаў, як гэты сельскі рэгіён Аўстрыі, цяжкадаступны для грамадскага транспарту, зрабіў структурныя складанасці перавагамі.
На прэзентацыі было адзначана, што развіццю турызму будзе садзейнічаць адкрыццё прамога авіярэйса Belavia ў Мюнхен. Адлегласць ад Мюнхена да Ціроля зусім невялікая.