Пасол Італіі: Сітуацыя з межамі застаецца няпэўнай



Сітуацыя з межамі застаецца няпэўнай, пакуль забарона на ўезд іншаземцам дзейнічае да 15 чэрвеня, – пра гэта амбасадар Італіі Джорджа Стэфана Бальдзі паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Ён нагадаў, што Італія, як і астатнія краіны Шэнгенскай зоны, адкрываюць унутраныя межы зоны з 3 чэрвеня.

– Закрыццё межаў Шэнгенскай зоны працягнецца да 15 чэрвеня, мы не ведаем, ці будзе працягнутая забарона на ўезд іншаземцам. Мы спадзяемся, што з 15 чэрвеня межы адкрыюць. Італія – гэта краіна, якая жыве ў тым ліку з турызму. Таму мы б хацелі бачыць з сярэдзіны наступнага месяца беларусаў у сябе ў гасцях. Я ведаю, што зараз пытанне адкрыцця межаў для грамадзян краін, што не ўваходзяць у Еўразвяз, абмяркоўваецца, але дакладна магу сказаць, што рашэнне яшчэ не прынятае. Таму прашу ўсіх беларусаў, што хацелі б адпачыць сёлета ў Італіі, крыху пачакаць.

Забарона распаўсюджваецца і на штогадовыя аздараўляльныя паездкі ў Італію беларускіх дзяцей. Пасол Італіі просіць зацікаўленых беларусаў сачыць за развіццём сітуацыі на сайце.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ambminsk.esteri.it