Пасол Італіі: У Беларусі ёсць усё для таго, каб стаць развітай турыстычнай краінай



 У Беларусі ёсць усе магчымасці для таго, каб стаць развітай турыстычнай краінай. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 29 траўня ў Менску выказаў пасол Італіі ў Беларусі Марыа Джорджа Стэфана Бальдзі

„Замежнікі шукаюць чыстае прыроднае асяроддзе, незабруджаную прыроду, гасцінны народ, таму чалавек, які зацікаўлены ў пазнанні свету, абавязкова павінен прыехаць і пазнаёміцца з Беларуссю, — перакананы дыпламат. — Гэта бяспечная краіна з добрым узроўнем інфраструктуры, добрымі дарогамі. Нават калі не усе гавораць па-англійску, дык усе гатовыя дапамагчы і добра ставяцца да іншаземцаў. Заклікаю італьянцаў прыязджаць у Беларусь”. 

Кіраўнік італьянскай дыпмісіі назваў „вялікай перавагай” той факт, што Беларусь устанавіла 30-дзённы бязвізавы рэжым для замежных грамадзян, у тым ліку грамадзян Еўразвяза. Паводле яго слоў, сярод грамадзян ЕЗ італьянскія турысты знаходзяцца на трэцім месцы па наведванні Беларусі, саступаючы толькі палякам і немцам. 

„З моманту ўвядзення бязвізавага рэжыму прыкладна 10 тыс. італьянцаў наведалі Беларусь. Я думаю, што яны адыграюць ролю паслоў Беларусі ў Італіі, таму што раскажуць усім сябрам. Вы павінны ганарыцца тым, што жывяце ў такой чыстай і гасціннай краіне”, — сказаў Бальдзі. 

На думку дыпламата, для Беларусі, дзе няма ні мора, ні гор, пунктам прыцягнення турыстаў можа стаць агра- і экатурызм. „Людзі шукаюць натуральных смакаў — хочуць смачна паесці чыстай ежы, — растлумачыў ён. — Яны хочуць пакатацца на конях, веласіпедах, сплаваць па рэках, паказаць дзецям звяроў і тое, як яны жывуць на волі, а не толькі ў заапарках. Акрамя таго, важна паказваць дзецям, як усё ўладкаванае з пункта гледжання сельскай гаспадаркі, яны павінны разумець, напрыклад, адкуль бярэцца малако”. 

„Экатурызм патрэбен для таго, каб навучаць дзяцей паводзінам у навакольным асяроддзі, вучыць іх беражліваму стаўленню, прышчэпліваць ім разуменне таго, што трэба спажываць лакальныя прадукты. У гэтым будучыня ўсяго ў свеце, не толькі сферы турызму. Мы спажываем вельмі шмат прыродных багаццяў, моцна забруджваем прыроду і павінны павярнуць гэта назад. Беларусь тут у авангардзе, бо вы паважаеце навакольнае асяроддзе. У свеце мала такіх чыстых краін, як Беларусь”, — падкрэсліў Бальдзі.

belapan.by