Паставы: пабачыць горад, створаны Тызенгаўзам
Горад Паставы, што на Віцебшчыне, стаў для мяне цікавосткаю, у якой я пабываў сёлета ўпершыню ў маім жыцці, дзякуючы знаёмым з суполкі BELARUS ON TOUR.
Выязджалі мы ў Паставы з Глыбокага, маршрут каля 65 км мы ехалі каля дзвюх гадзінаў, па дарозе “заляцеўшы” ў беларускі Парыж.
Паставы ствараліся Антоніем Тызенгаўзам, які спрабаваў зрабіць з горада цэнтр культуры і прамысловасці рэгіёну.
Рэформы былі няўдалымі, але ў спадчыну ад Тызенгаўза гораду засталася прыгожая цэнтральная плошча з дамкамі XVIII стагоддзя. На гэтай жа плошчы стаіць царква святога Мікалая 1894 года, у якую завітвае ледзь не кожны турыст, што заязджае ў гэты горад.
Калі з плошчы збочыць на вуліцу Чырвонаармейскую, тады можна ўбачыць стары млын і мост праз рэчку Мядзёлку, з якога адкрываецца выдатны від на касцёл святога Антонія.
Касцёл вельмі прыгожы знутры і звонку, а над уваходам у яго можна ўбачыць гадзіннік – гэта даволі рэдкая з’ява ў нашых храмах.
Таксама на вуліцы Савецкай размяшчаецца шпіталь – былы палац Тызенгаўзаў, пабудаваны ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя. Каля будынка стаіць помнік Кастусю Тызенгаўзу – вядомаму навукоўцу-арнітолагу.
Што яшчэ цікавага можна ўбачыць ў Паставах цягам паўгадзіннага падарожжа па цэнтры горада? Гэта старыя будыначкі, а за адной з крамаў схавалася вялізная стэла – помнік польскім жаўнерам. Не пазначана на помніку, што жаўнеры загінулі падчас савецка- польскай вайны 1920 года. І кажуць, што за савецкім часам з помніка сарвалі мемарыяльную шыльду і польскага арла, а самыя пахаванні вывезлі ў невядомым напрамку. А на месцы могілак (пахаванняў) пабудавалі двухпавярховік.
Дзеці ў спякоту могуць акунуць свае ногі ў фантанах у самым цэнтры горада, а дарослыя – выпіць ахаладжальных напояў у розных кіёсках.
Прыгажосць гораду таксама дадае вялікая колькасць зеляніны і прыгожых азёраў, якія ёсць у гэтым азёрным краі.
На выездзе з Паставаў мы накіравалісь на возера Нарач. Думалі там ахаладзіцца ў такую спёку, аднак там нас накрыла навальніца, і прыйшлося рэзка набраўшы хуткасці “ірвануць” у бок Менска, дзе і скончылася нашае падарожжа.
Далей пасля Менску начным цягніком мы рушылі ў Гародню.
Андрэй Мялешка, Глыбокае – Паставы – Менск