Турыстычны патэнцыял Беларусі выкарыстоўваецца не цалкам



 Патэнцыял турыстычных аб’ектаў Беларусі выкарыстоўваецца не цалкам, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка 15 жніўня ў Наваградку (Гарадзенская вобласць) на пасяджэнні Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета (МЭКС) па турызме пры Савеце міністраў.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства спорту і турызму, Петрышэнка падкрэсліў, што ў Беларусі шмат славутасцяў, якія ўяўляюць цікавасць для турыстаў: замкі і радавыя сядзібы, культавыя збудаванні і музеі, нацыянальныя паркі і аграэкасядзібы, месцы гераічных бітваў і спартыўныя комплексы.

„Аб’екты, прывабныя для турыстаў, ёсць у кожным рэгіёне, і яны здольныя стаць пунктамі росту для раёнаў. Турыстычныя аб’екты — гэта прыцягненне людзей з розных прафесій: гандлю, рамесніцтва, рэстараннага і гасцінічнага бізнесу, IT-тэхналогій. Гэта таксама будаўніцтва і ўдасканаленне інфраструктуры, пракладанне новых маршрутаў, кааперацыя з суседзямі, прасоўванне не толькі рэгіёна, але і ў цэлым краіны”, — заявіў віцэ-прэм’ер.

Аднак, паводле яго слоў, патэнцыял гэтага кірунку выкарыстоўваецца не поўнасцю. Добрая прэзентацыя, прасоўванне аб’ектаў здольныя стымуляваць як уязны, так і ўнутраны турызм.

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной у сваю чаргу паведаміў, што дасягнутыя планавыя значэнні мэтавых паказчыкаў дзяржпраграмы „Беларусь гасцінная” на 2016—2020 гады. Паводле вынікаў мінулага года экспарт турыстычных паслуг склаў 230,5 млн долараў (пры заданні 208 млн). Тэмп росту — 114,0% да ўзроўню 2017 года.

Паводле слоў Партнога, вынікам праведзенай працы з’яўляецца ўваходжанне ў шэраг прэстыжных рэйтынгаў. Так, летась Беларусь перамагла ў намінацыі „Агратурызм” рэйтынгу National Geographic Traveler Awards. Беларусь была першай у гэтым рэйтынгу і ў 2016 годзе, адзначыў чыноўнік. Акрамя таго, Беларусь трапіла ў дзясятку найлепшых краін для падарожжаў у 2019 годзе паводле версіі міжнароднага выдавецтва Lonely Planet.

У спісе Best in Travel — 2019 Беларусь заняла восьмае месца. Паводле слоў намесніка міністра, складальнікі рэйтынгу адзначылі, што Беларусь прыцягвае турыстаў 30-дзённым бязвізавым рэжымам, багаццем кафэ і арт-пляцовак. Мінск трапіў у спіс еўрапейскіх гарадоў, якія брытанская газета Independent рэкамендуе наведаць у 2019 годзе.

Найбліжэйшым часам, адзначыў намеснік міністра, найбольш актуальнымі з’яўляюцца задачы па аб’яднанні раёнаў у адну бязвізавую тэрыторыю „Берасце — Гародня”, развіцці ў кожным рэгіёне адной-дзвюх пілотных турыстычных дэстынацый, прасоўванні турыстычнага патэнцыялу Беларусі за мяжой.

belapan.by

Фота Таццяны Козік