Пацверджаны новы від птушак для Беларусі – арол-шуляк



Птушка начавала ў Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці яшчэ 30 сакавіка 2022 года, але толькі цяпер арнітолаг Дзмітры Вінчэўскі атрымаў дэталёвую карту перамяшчэнняў арла-шуляка ад французскіх калег, якія і пазначылі гэтую птушку перадатчыкам, паведамляе тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

Арол-шуляк – від з разарваным арэалам і гняздуе пераважна ў невысокіх гарах у паўднёва-заходняй і паўночнай частках Афрыкі, у Еўропе на Пірэнейскім паўвостраве і ў некаторых краінах Міжземнамор’я, у Паўднёва-Усходняй Азіі і ад Аравійскага паўвострава да Афганістана, Пакістана і Індыі, а таксама ад Індакітая да паўднёвай часткі Кітаю і на Зондскім архіпелагу.

Калі Беларуская арнітафаўністычная камісія зацвердзіць гэтую рэгістрацыю віду, арол-шуляк стане 342-м відам для нашай краіны.