Паўнавартаснымі чальцамі Шэнгенскай зоны гатовыя стаць Балгарыя, Румынія і Харватыя
Паўнавартаснымі чальцамі Шэнгенскай зоны без унутранага памежнага кантролю гатовыя стаць Балгарыя, Румынія і Харватыя.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Еўразвязу, якая заклікае без прамаруджвання прыняць гэтыя краіны ў Шэнгенскую зону. У заяве таксама адзначаецца ўнёсак Балгарыі, Румыніі і Харватыі ў нармальнае функцыянаванне Шэнгенскай зоны, у тым ліку падчас пандэміі ды вайны ва Украіне.
Чакаецца, што 8 снежня Рада юстыцыі і ўнутраных спраў ЕЗ прагаласуе за поўны ўдзел Балгарыі, Румыніі ды Харватыі ў Шэнгенскай зоне без унутранага памежнага кантролю.
На сёння ў зону Шэнгена ўваходзяць 26 дзяржаў. Гэта ўсе краіны ЕЗ, акрамя Балгарыі, Харватыі, Кіпра, Ірландыі ды Румыніі. Таксама ў Шэнгенскую зону ўваходзяць Нарвегія, Ісландыя, Швейцарыя і Ліхтэнштэйн, якія не з’яўляюцца чальцамі Еўразвяза.