Паводка на Палессі: учора і сёння
Зараз магчыма шмат пачуць прагнозаў адносна паводкі ўвесну. Студзень і люты былі па-сапраўднаму зімовыя: моцныя ападкі снегу, завеі і маразы. Таму здавалася б, што перадумовы для вялікай вады ёсць, а тым больш на Палессі. Для гэтага рэгіёна краіны паводка – з’ява традыцыйная, прынамсі так было раней…
Напрыканцы лютага Белгідрамет назваў наступныя праблемныя раёны, дзе варта чакаць падтапленняў – Менская вобласць (Стаўбцоўскі, Барысаўскі, Маладзечанскі і Пухавіцкі раёны) і Берасцейская вобласць (Пінскі, Лунінецкі і Столінскі раёны).
Пінкавічы, р.Піна, кастрычнік 1934 года. Луіза Арнер Бойд
У першыя сакавіцкія дні Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя паведаміў, што ўсё ж паводкі чакаць не трэба, яна будзе блізкая да сярэдніх значэнняў або трохі вышэй за іх. Гэта абумоўлена тым, што хоць ападкаў і было шмат, але глеба не насычаная вільгаццю, а таму вада добра сыходзіць. Сваю карысць прыносяць і начныя замаразкі – яны стрымліваюць напаўненне рэк талымі водамі ды спрыяюць павольнаму выкрыццю рэк ад лёду. Вялікае значэнне мае і меліярацыя, якая ў “краіне багнаў” трывае з часоў ВКЛ (гл.: Меліярацыя Палесся: што гэта было і што далей?).
Ратавальнікі ўся роўна падрыхтаваліся і гатовыя да воднай стыхіі. На Берасцейшчыне яны праверылі гідратэхнічныя збудаванні, якія пры неабходнасці стрымліваюць талую ваду. Нібы нараканняў няма.
Сітуацыя на беларускім Палессі шмат у чым залежыць ад паўднёвай суседкі. Калісьці ўвесну Украіна скідвала талую ваду, адкрывала шлюзы, але ў апошнія гады гэтак не рабіла, бо па вялікім рахунку не было чаго скідваць. З-за адсутнасці добрых восеньскіх і вясновых дажджоў, а таксама засухі ўлетку, украінскія, як і беларускія вадаёмы, істотна змялелі. Сёлета паводка ў беларуска-ўкраінскім памежжы ўжо зафіксаваная. У Столінскім раёне вада выйшла на некаторыя ўчасткі дарогі ўздоўж дзяржаўнай граніцы.
Натуральна, што кожны гаспадар засцерагаецца паводкі, хвалюецца за сваю маёмасць. Але ж, як казалася напачатку артыкула, для Палесся падтапленні па вясне – ява звыклая. Вялікай вадзе радыя аграрыі, рыбакі і паляўнічыя. Апошнюю маштабную паводку аўтар гэтых радкоў памятае ў 1999 годзе. Сапраўды было “палескае мора” ад Берасця да Гомеля. Лепш любых слоў тую сітуацыю перадае відэа запісанае ў Мазыры.
Адвыканне палешукоў ад моцных вясновых разліваў пачалося ў 1960-х гадах. Менавіта на 1960-1980-я гады прыпадае маштабная меліярацыя Берасцейшчыны і Гомельшчыны. Было асушана звыш 2 мільёнаў гектараў. Да гэтай справы ў СССР падышлі канкрэтна і з размахам. У 1966 годзе ў Пінску ўтворана Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі – Палессевадбуд. Гэтую інстытуцыю сапраўды можна назваць “дзяржава ў дзяржаве”. Арганізацыя мела пад сабою вялікую сетку падначаленых устаноў: будаўніча-рамонтныя, аздараўляльныя, сацыяльна-культурныя, медыцынскія, харчовыя, навукова-даследчыя і г.д. Толькі на адну Берасцейскую вобласць штогод на патрэбы Палессевадбуда з бюджэту выдаткоўвалася звыш 100 мільёнаў савецкіх рублёў.
Калі зазірнуць яшчэ далей да Другой сусветнай вайны ў час уваходжання Берасцейшчыны ў склад міжваеннай Польшчы, то цікава пачытаць занатоўкі амерыканскай вандроўніцы Луізы Арнер Бойд. Яна наведала Піншчыну ўвосень 1934 года.
(…) Цяжка вызначыць гідраграфічны рэжым, які рэгулюе рачную сістэму, што склалася ў басейне Прыпяці, а таксама вызначыць памер глыбіні і хуткасці воднай плыні. Як сцвярджае Дзяржаўны інстытут гідраграфіі, “нідзе болей нельга знайсці гэткай разгалінаванай воднай сеткі; плыні, якая так залежыць ад воднай расліннасці; такіх вялікіх залітых вадой тэрыторый і настолькі невызначаных межаў паміж вадой і сушай”. Час паводкі звычайна прыпадае на сакавік альбо красавік, нізкі ўзровень вады – у верасні альбо кастрычніку. Гідраграфічны год пачынаецца 1 лістапада. Нярэдка ўжо в лістападзе і абавязкова ў снежні водныя шляхі замярзаюць, і рух на лодках саступае месца руху на санях. У гэтым балотным краі дзьмуць халодныя вятры з расейскіх стэпаў, робячы зіму больш суровай. Вясна пачынаецца ў траўні, часам – у пачатку чэрвеня…
Шырыня і глыбіня рэк зменлівая. Пад час вясновай паводкі прыток вады павялічваецца ў 10-15 разоў, і яна шырока разліваецца па па прасторы…
Цяперашнім часам да Пінска можна даехаць аўтамабілем, аднак толькі ў сухую пару года, па адзінай дарозе, якая ідзе на ўсход ад Кобрына…, – урыўкі з выдання “Палессе Луізы Бойд”.
Якой будзе паводка вясной 2021 года на Палессі ўжо будзе бачна неўзабаве.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя