Павялічыцца колькасць рэйсаў Масква — Менск



Авіяцыйныя адміністрацыі Расеі і Беларусі дамовіліся пра павелічэнне колькасці рэйсаў на лініі Масква — Менск. Пратакол паводле вынікаў кансультацый размешчаны на сайце Расавіяцыі 13 сакавіка.

„Беручы пад увагу прыярытэтны характар умацавання двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне паветраных зносін паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, бакі дамовіліся павялічыць частату палётаў на лініі Масква — Менск да 63 рэйсаў на тыдзень для кожнага з бакоў на сезон ІАТА „Лета 2019”, — адзначаецца ў пратаколе. Сезон „Лета 2019” дзейнічае з канца сакавіка па канец кастрычніка.

„Для расейскага боку дадатковыя 7 рэйсаў на тыдзень будуць прадастаўленыя перавозчыкам, якія фактычна не выконваюць рэйсы па маршруце Масква — Менск”, — удакладняецца ў дакуменце.

У гэты час прамыя рэйсы паміж сталіцамі Расеі і Беларусі выконваюць тры авіякампаніі — расейскія „Аэрафлот” і „ЮТэйр”, а таксама беларуская „Белавія”.

БелаПАН