Пешшу па «Беларускім Пецярбургу»



З дапамогаю кнігі Мікалая Аляксандрава «Беларускі Пецярбург» можна паблукаць па некаторых значных мясцінах паўночнай сталіцы Расеі, якія былі ці застаюцца звязаныя з Беларуссю.

Па дадзеных перапісу насельніцтва ў 2010 годзе на тэрыторыі Санкт-Пецярбурга пражывалі 38136 беларусаў, што складае 0,78% ад усяго насельніцтва Пецярбурга. Гэта фармальна робіць яе другой найбуйнейшай дыяспарай у горадзе пасля ўкраінцаў, аднак у рэальнасці беларуская дыяспара можа знаходзіцца на трэцім або чацвёртым месцы з прычыны вялікай колькасці нелегальных мігрантаў з Узбекістана і Таджыкістана, чыя колькасць можа дасягаць мільёна чалавек.

Каб наведаць усе месцы Санкт-Пецярбурга, звязаныя з Беларуссю, не хапіла і тыдня. Сваю ж экскурсію па мясцінах з «беларускім следам» пачну на Васільеўскім востраве, ад дома, дзе жыў Янка Купала (4 лінія, дом 45). Купала жыў у гэтым доме ў кватэры прафесара Эпімаха-Шыпілы, бібліятэка якога лягла ў аснову Бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі. Дарэчы менавіта Эпімах Шыпіла рэкамендаваў Івану Дамінікавічу Луцэвічу (Янка Купала). Цікава, што самому паэту найперш больш падабаўся псеўданім «Янук». Мемарыяльная шыльда размешчана на бачным месцы, але пры яе ўсталёўцы забыліся паклапаціцца аб падстаўцы для кветак.

У Пецярбургу быў выдадзены і першы навуковы слоўнік беларускай мовы, складзены Іванам Насовічам пад рэдакцыяй дырэктара Публічнай бібліятэкі акадэміка Апанаса Бычкова. Значны след у гісторыі Беларусі пакінулі акадэмік Яўхім Карскі, дацэнт Пецярбургскага ўніверсітэта Браніслаў Тарашкевіч, які склаў першую граматыку беларускай мовы – «тарашкевіцу».

Беларусь – зямля першадрукара Францішка Скарыны і Сімяона Полацкага. Першыя друкаваныя выданні на беларускай мове з’явіліся ў Санкт-Пецярбургскай губерні перад пачаткам Першай сусветнай вайны пасля стварэння пецярбургскага выдавецтва пад назвай «Загляне сонца і ў наша аконца».

Першыя ж перапісы насельніцтва Расейскай імперыі паказалі, што ў пачатку 20-га стагоддзя абсалютная колькасць беларусаў, якія пражываюць у Санкт-Пецярбургу больш, чым у любым з гарадоў тады Паўночна-Заходняга краю, няхай гэта будзе Беласток, Берасце, Вільня, Віцебск, Гародня, Менск, Магілёў або Смаленск.

З часоў Пятра Вялікага беларусы ўнеслі немалы ўнёсак у жыццё і будаўніцтва Санкт-Пецярбурга. Нават беглы падлік «беларускіх» назваў піцерскіх вуліц уражвае: іх больш за 37: Бабруйская, Беларуская, Гомельская, Заслаўская, Магілёўская вуліцы, Менскі, Пінскі, Нёманскі, Крычаўскі, Гарадзенскі завулкі, Віцебскі праспект і Віцебскі вакзал (на фота ніжэй) і Віцебскі мост.

Сярод беларускіх унікумаў у Публічнай бібліятэцы – Полацкае Евангелле ХІІ стагоддзя (найбольш ранняя цалкам захаваная кніга), рукапісны зборнік XV стагоддзя з мастацкімі творамі на старабеларускай мове і дзясяткі іншых, часта папросту яшчэ не ўведзеных у навуковы абарот кніг. У аддзеле рэдкіх кніг Расейскай бібліятэкі захоўваецца самая вялікая ў свеце калекцыя віленскіх і пражскіх выданняў Францыска Скарыны, ёсць узоры друкаванай прадукцыі практычна ўсіх беларускіх сярэднявечных друкарняў, ёсць кнігі з бібліятэк Радзівілаў, Сапегаў, манастырскіх сходаў з розных гарадоў Беларусі.

У савецкі час Пецярбург стаў Ленінградам, але паток беларускіх мігрантаў сюды не паменшыўся, а наадварот павялічыўся і стаў рэгулявацца. Па спецнабору і па сваёй ініцыятыве моладзь ехала вучыцца ў прафесійна-тэхнічныя школы і вучэльні, каб затым папоўніць шэрагі рабочага класа. Уступныя экзамены ў Ленінградскі ўніверсітэт пачыналіся на месяц раней, чым у БССР, і лепшыя вучні з беларускіх школ часта ехалі сюды выпрабаваць сябе, а лепшыя з лепшых праходзілі па конкурсе і заставаліся вучыцца.

 

На могілках каля Аляксандра-Неўскай Лаўры (у пабудове якой удзельнічаў беларускі архітэктар Леў Шышко) побач апынуліся прафесар гісторык царквы Міхаіл Каяловіч, без вывучэння работ якога не абыходзіцца ніводзін беларусіст ды Васіля Старавойтава, які распрацоўваў шасі для савецкіх танкаў і для «Лунахода». Тут і магілы мастака аўтара шматлікіх помнікаў Міхаіла Мікешына, дырэктара Публічкі Апанаса Бычкова і рэдактара першага беларускага слоўніка Івана Насовіча. Адмірал-камуніст Валянцін Дрозд пахаваны насупраць уваходу ў сабор Аляксандра-Неўскай лаўры.

Святары шматлікіх храмаў Паўночнай сталіцы Расеі – таксама выхадцы з беларускіх гарадоў і вёсак: ксёндз Стэфан Катынель, протаіерэі Уладзімір Фаменка, Ян Пашкевіч, іерэй Аляксій Мароз ды іншыя.

Цэлая плеяда беларусаў працуе ў Марыінскім тэатры: вядучы танцор ураджэнец Пінска Ігар Колб, а таксама яго калегі па сцэне Уладзімір жывапісца, прыма Ірына Гардзей, маладая спявачка Кацярына Семянчук, дырыжор Міхаіл Сінькевіч.

Будынак Ваенна-медыцынскай акадэміі. Тут вучыліся і працавалі вельмі шматлікія беларусы, якія пакінулі прыкметны след у медыцыне і ў гісторыі. Гэтыя людзі часта аказваліся па розныя бакі барыкад: пасля таго, як прывёў у дзеянне бомбу тэрарыст-беларус Ігар Грынявіцкі, да паміраючага імператара Аляксандра II выклікалі лепшага ваенна-палявога хірурга з Ваенна-медыцынскай акадэміі – ім апынуся беларус Яўстафій Багданоўскі (бронзавы бюст лекара да гэтага часу знаходзіцца ў акадэміі, як і яго мемарыяльная шыльда, збудаваная ўдзячнымі вучнямі).

У лiстападзе 1794 года Тадэвуш Касцюшка прайгpаў расейскаму генералу Iвану Ферзену бiтву пад Мацяёвiцамi i трапіў у палон. Ганаровага грамадзянiна Францыi перавезлi на берагi Нявы і зняволiлi ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Так пачаўся амаль двухгадовы пецярбургскі перыяд яго жыцця. У турме вязень займаўся разьбой па дрэве, спрабаваў працаваць на такарным станку.

На знакамітай «Аўроры» служылі і беларускія маракі. Сярод іншых – пецярбургскі беларус у трэцім пакаленні, капітан 2-га рангу Мікалай Амелька ды адмірал Канстанцін Сакольскі, ураджэнец Брэст-Літоўска.

Кітайскі скверык пад назвай «Сад сяброўства» на Ліцейным праспекце ў Санкт-Пецярбургу. Сад быў адкрыты ў траўні 2003 года ў гонар святкавання трохсотгоддзя горада як падарунак ад Шанхая – горада-пабраціма Санкт-Пецярбурга.

Лагічна было завяршыць экскурсію па Санкт-Петярбурзе і наведаць звышпапулярную сярод турыстаў знакамітую рэзідэнцыю расейскіх імператараў – Пецяргофу. Тут можна не толькі пашпацыраваць па вялікаму навакольнаму парку, але і пабываць у рабочым пакоі Пятра Першага, убачыць, як жылі тагачасныя манархі і іх шматлікія служачыя.

Дарэчы, і ў Пецяргофе ёсць «беларускі след» – любімая жонка Пятра Першага – Кацярына (Марта Скаўронская) паходзіла з беларускай сям’і Скаўрашчукоў, ці Скаўронскіх, выхадцаў з Менскага ваяводства.

 

Бацькі яе памерлі ў час эпідэміі, дзяўчыну ўзяў на выхаванне лютэранскi пастар Эрнст Глюк з Марыенбурга (цяпер Алуксне ў Латвii). Пасля штурму Марыенбурга расейскiм войскам у 1702 годзе яна трапіла ў палон да фельдмаршала Барыса Шарамецьева, які перадаў яе губернатару Аляксандру Меншыкаву, а той саступіў цару. Марта Скаўронская прыняла праваслаўе і атрымала імя Кацярына Аляксееўна. З 1705 года яна фактычная жонка цара, у 1710 годзе атрымала тытул гасударыні, у 1724 годзе каранаваная iмператарскай каронай.

Памятных месцаў беларускага Пецярбурга – сотні, прычым іх колькасць увесь час папаўняецца. Усяго ж у горадзе каля 20 мемарыяльных шыльдаў і скульптурных помнікаў беларусам. Гэта значыць для беларусаў Пецярбург – не чужая Паўночная сталіца, а шмат у чым родны і блізкі горад.

 

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя