Пілігрымка ў Славакію
Група пілігрымаў беларускай грэка-каталіцкай царквы прыняла ўдзел у традыцыйным святкаванні ў гонар Маці Божай і Святога Мікалая ў вёсцы Люціна Славацкай Рэспублікі. Узначаліў пілігрымку архімандрыт грэка-каталікоў Беларусі айцец Сяргей Гаек.
У гэтым месцы збіраюцца вернікі ўсяго свету. Набажэнства адбывалася два дні. Святочная працэсія прайшла з базылікі да месца з’яўлення Маці Божай і Святога Мікалая. Там прайшла архіерэйская літургія. Яе ўзначаліў грэка-каталіцкі арцыбіскуп мітрапаліт Прэшэўскі Ян Бабек. У набажэнстве прынялі ўдзел тысячы чалавек, біскупы і святары з розных краін, кажа дыякан Івацэвіцкай парафіі Вячаслаў Гарчакоў:
– Гэта месца, куды прыходзяць паломнікі пакланіцца Маці Божай, якая з’явілася тут. Якраз на гары ёсць месца яе з’яўлення, туды заўсёды і ідуць паломнікі. Таксама гэта месца звязана са святым Мікалаем, які з’явіўся адной беднай жанчыне з трыма дзецьмі. Яна ў свята пайшла ў лес назбіраць грыбоў, каб накарміць сваіх галодных дзяцей. І ёй з’явіўся святы Мікалай, які кардынальна змяніў далейшы лёс жанчыны.
Паўсюль гучалі ўперамешку славацкая, чэшская, венгерская, ангельская, беларуская і іншыя мова. Усім было зразумела, што гаварыў на пропаведзі мітрапаліт грэка-каталікоў Славакіі, які вёў набажэнства. У малітве за мір ва ўсім свеце ўспаміналі і нашу суседку – Украіну.
[Not a valid template]
Алеся Адамчук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі