Пінчукі ладзяць штонядзельны шпацыр па гістарычным цэнтры горада
У Пінску ўсё больш людзей, неабыякавых да грамадска-палітычных падзей у краіне, якія далучаюцца да штонядзельнага шпацыру па гістарычным цэнтры горада. Грамадзяне гуляюць, абмяркоўваюць сітуацыю, дзеляцца думкамі. За гэтым пільна назіраюць міліцыянты, але ўжо з канца мінулага года не затрымліваюць пінчукоў на „пешаходцы”.
“Людзі нічога не парушаюць, гэта звычайны шпацыр”, – адзначае праваабаронца Алесь Рамановіч:
– Людзі гуляюць, у нядзелю ходзяць, нічога не парушаюць, шпацыруюць па „пешаходцы”. Міліцыянты апошнім часам сочаць, кантралююць сітуацыю, штосьці дакладаюць там па рацыі, ды і ўсё. Звычайна гэта супрацоўнікі Патрульна паставой службы. Не ведаю, як будзе перад 25-м сакавіка.
Традыцыя штонядзельнага шпацыру па гістарычным цэнтры Пінска нарадзілася ў верасні мінулага года. У першыя два-тры месяцы сілавікі затрымлівалі пінчукоў, прылічвалі шпацыры да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя