Полацкая акадэмія – асяродак еўрапейскай культуры



Тым, хто наведвае галоўныя святыні старажытнага Полацку – Спаса-Ефрасінеўскі манастыр ды знакаміты Сафійскі сабор, варта таксама не абмінуць яшчэ адзін выдатны помнік архітэктуры – старажытны езуіцкі калегіум, дзе сёння месціцца Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Першы кутні камень езуіцкага калегіума закладзены ў 1580 годзе, акурат праз год пасля вызвалення Полацку войскамі караля Стэфана Баторыя ад маскоўцаў. Пачатковы будынак, аднак, быў драўляны. Цяперашнія муры пачалі ўзводзіцца з сярэдзіны 18-га стагоддзя. Забудова ішла паэтапна і завяршалася ўжо ў пачатку 20-га стагоддзя, калі паўстаў будынак кадэцкага корпусу. Таму ў памяшканнях і такія адрозныя інтэр’еры.

У 1812 годзе калегіум пераўтвораны ў езуіцкую акадэмію навук і фактычна атрымаў статус універсітэту.

Пасля 1820 года, у час узмацнення расейскай анексіі беларускіх зямель, Полацкая езуіцкая акадэмія была скасавана. Нейкі час у мурах былі прадстаўнікі ордэну піяраў, а ўжо пасля 1835 года паўстаў кадэцкі корпус. Гісторыя будынку і яго функцыянавання адлюстраваная ў адмысловай музейнай экспазіцыі.

У 1944 г. пасля адыходу немцаў з Полацку, які пэўны час быў абласным цэнтрам, у будынку размясціўся шэраг адміністрацыйных устаноў і шпіталь. Тут жа ў аварыйных умовах пражывала звыш ста сем’яў палачанаў. У другой палове 1950-ых гадоў адбылася спроба аднавіць будынак і прыстасаваць яго пад Сувораўскую вучэльню, але, на шчасце, безвынікова.

За апошнія 10 гадоў прайшла рэстаўрацыя той часткі будынкаў, якія знаходзіліся ў аварыйным стане. Значную частку будынку займае гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Пасля апошняй рэстаўрацыі ў Полацку фактычна паўстаў сапраўдны ўніверсітэцкі гарадок на ўзор еўрапейскіх асяродкаў. На тэрыторыі комплексу і ў дворыках тут можна пабачыць і альтанкі, і скульптуры, і адноўлены калодзеж, і карцінную галерэю, і шыльду ў гонар Габрыэля Грубера – доктара медыцыны, прафесара архітэктуры і фізікі, які працаваў тут у калегіуме з 1784-га па 1800 год.

Асаблівай атракцыяй ёсць адмысловы гадзіннік – у роўныя гадзіны адчыняецца акенца, выязджаюць і рухаюцца па коле фігуркі найбольш значных асобаў з гісторыі Полацку. У гэты момант гучаць “Гаўдэамус” і гімн Полацкага ўніверсітэту.

Зараз будынак Полацкага езуіцкага калегіума выглядае зноў на сапраўдны асяродак еўрапейскай культуры.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара