Полацкі дракар пастаўлены на зімоўку
Сапраўдны дракар з’явіўся ў Полацку не так даўно, але ў цёплы сезон 2018 года ладдзя вікінгаў ужо даволі часта плавала па Дзвіне ўздоўж Ніжне-Пакроўскай вуліцы і не толькі. Многія палачане і турысты паспелі атрымаць новы досвед, а сам дракар стаў адной з галоўных цікавостак горада. Але зараз прыйшоў час рыхтаваць яго да зімы.
Гісторык Аляксей Коц распавёў: «Паколькі дракар – рэч каштоўная і рэдкая, то абыходзіцца з караблём трэба вельмі акуратна. Прынамсі, пры неспрыяльным надвор’і яго трэба захоўваць у спецыяльных умовах. Калі пакінуць у вадзе, то лёдам яго можа наўпрост парваць. Дошкі, якія зараз утрымліваюць вільгаць, таксама могуць пайсці «гуляць».
Таму мы, сабраўшыся камандай, выцягнулі карабель з ракі на бераг. Потым спецтранстартам завязлі яго на зімоўку на прыватны надзел. Улічваючы, што канструкцыя драўляная, трэба было яе акуратна пагрузіць, замацаваць і па выніку – разгрузіць. Умовы дастаўкі забяспечваліся тэхнікай бяспекі і выкананнем правілаў дарожнага руху.
Потым абавязкова карабель трэба было вымыць ад бруду, зямлі, ціны і інш. Зняць усё непатрэбнае абсталяванне (мачта, рэя, вёслы, уключыны для вёслаў, паёлы-палуба, банкі-лаўкі і інш.). Гэта ўсё захоўваецца асобна. Потым карабель трэба перавярнуць і усталяваць на спецыяльныя падпоркі.Канешне, важна, каб ён не ляжаў на зямлі. У такім перавёрнутым стане карабель будзе зімаваць. Ад уздзеяння снегу і дажджу яго трэба захаваць – накрыць. Але не запакаваць, абавязкова трэба, каб дрэва дыхала і праветрывалася.
Ужо вясной мы зноў вернемся да карабля і будзем яго спецыяльным чынам рыхтаваць да спуску на ваду і новых паходаў».
Фота: Полацкi Зьвяз