Польскія памежнікі перасталі ставіць штампы ў беларускія пашпарты
Польшча перастала ставіць штампы ў беларускія пашпарты пры перасячэнні мяжы. Такая мера дапаможа зэканоміць старонкі ў пашпарце. Так Польшча адрэагавала на „пашпартны” ўказ Лукашэнкі.

У Аб’яднаным пераходным кабінеце заяўляюць, што ведаюць аб гэтай практыцы Польшчы і плануюць угаварыць іншыя краіны рабіць гэтак жа.
«Плануем такое абмеркаваць на гэтым тыдні. Пакуль не гатовыя назваць краіну», – сказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік АПК па замежных справах Валерый Кавалеўскі.
Ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Грузіі — краінах, дзе таксама знайшлі прыстанішча нямала беларусаў, — дамовіцца з пагранічнікамі пакуль не атрымалася. Хаця ўсе цяпер вядуць электронныя базы, і даведацца дату ўезду ў краіну можна не толькі па штампе ў пашпарце.
